Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 10. Завяршэнне каланіяльнага падзелу свету

2. Вынікі каланіялізму для метраполій і калоній

Каланіяльныя захопы індустрыяльных краін зрабілі вялізнае ўздзеянне на развіццё пакораных народаў: з аднаго боку, гібель людзей і культур, а з іншага — далучэнне заваяваных народаў да індустрыялізацыі і навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Каланіяльная экспансія падрывала асновы традыцыйнага грамадства. Наплыў еўрапейскіх тавараў даводзіў да галечы рамеснікаў. Сялянства вымушана было плаціць падаткі і сваім феадалам, і каланіяльным уладам, бяднела, пазбаўлялася зямлі. Разбуралася сістэма абшчыннага зямляробства і натуральнай гаспадаркі. Стала развівацца прамысловасць, якая абслугоўвала эканоміку метраполій, напрыклад, здабыча карысных выкапняў. Для дастаўкі сыравіны і прадуктаў харчавання, а таксама ў ваенных мэтах была пабудавана сетка чыгунак.

Дзецям кампрадорскай буржуазіі, мясцовай кіруючай эліты, якая супрацоўнічала з уладамі метраполіі, прадастаўлялася магчымасць атрымаць еўрапейскую адукацыю. У заходніх універсітэтах сталі навучацца прадстаўнікі «туземнай інтэлігенцыі» і дзеці з багатых сем’яў. Праз паслухмяных і падзяляючых заходнія каштоўнасці «туземцаў» кіруючыя колы Захаду імкнуліся замацаваць свой уплыў у калоніях і залежных краінах. У выніку быў падрыхтаваны цэлы пласт кіраўнікоў для каланіяльных, а пазней і неакаланіяльных дзяржаў. Нярэдка з гэтага асяроддзя выходзілі патрыятычна настроеныя грамадскія дзеячы і лідары нацыянальна-вызваленчых рухаў, якія ўзначалілі барацьбу за незалежнасць у калоніях.