Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 1. Уводзіны

1. Перыядызацыя сусветнай гісторыі Новага і Навейшага часу

Новы час — асаблівы перыяд сусветнай гісторыі, які ахоплівае XVI — пачатак ХХ ст. Паняцце «Новы час» з’явілася ў эпоху Адраджэння і сведчыла пра ўзнікненне новай еўрапейскай цывілізацыі. Яе характэрнай рысай было фарміраванне і развіццё буржуазнага грамадства, якое прыйшло на змену феадальнаму. Гэта быў еўропацэнтрысцкі свет, што распаўсюдзіў сваю экспансію, а значыць і каштоўнасці еўрапейскай цывілізацыі, на іншыя краіны. Узвышэнне Еўропы прынесла многім народам Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі каланіяльныя войны, захопы і страту незалежнасці.

Пачаткам Новага часу прынята лічыць эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, а завяршэннем — падзеі Першай сусветнай вайны. У рамках перыяду Новага часу звычайна вылучаюць два этапы, мяжой паміж якімі служаць Французская рэвалюцыя і завяршэнне напалеонаўскіх войнаў у Еўропе.

У перыяд «доўгага XIX ст.» (1789—1918 гг.) пануючае становішча ў свеце займалі імперыі. У выніку Першай сусветнай вайны Германская, Расійская, Аўстра-Венгерская і Асманская імперыі сышлі з палітычнай арэны. У пачатку XIX ст. у большасці краін Заходняй Еўропы адбыўся прамысловы пераварот, які прывёў да стварэння індустрыяльнага грамадства.

Асноўным працэсам Навейшай гісторыі, альбо гісторыі Навейшага часу, з’яўляецца пераход ад індустрыяльнага грамадства да постіндустрыяльнага. Постіндустрыяльнае грамадства — гэта стадыя ў развіцці чалавецтва, пачатак якой прыпаў на апошнюю чвэрць XX ст. Яно стала вынікам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі і характарызуецца развіццём энергазберагаючых тэхналогій, стварэннем высокатэхналагічных вытворчасцей, усеагульнай інфарматызацыяй, развіццём навукі і тэхнікі, павышэннем узроўню адукацыі, медыцыны, паляпшэннем якасці жыцця людзей. Важным аспектам постіндустрыяльнай стадыі з’яўляецца пераарыентацыя вытворчасці з матэрыяльнай сферы на нематэрыяльныя сферы паслуг. Да пачатку XXI ст. у постіндустрыяльную стадыю развіцця ўступіла каля 30 дзяржаў, насельніцтва якіх складала пятую частку жыхароў планеты.

У гісторыі Навейшага часу можна вылучыць два адносна самастойныя перыяды. Першы ахоплівае 1918—1945 гг. Асноўнымі яго адрозненнямі з’яўляюцца ўздым рэвалюцыйных рухаў у Еўропе і нацыянальна-вызваленчых у Азіі, а таксама абвастрэнне супярэчнасцей паміж буйнейшымі дзяржавамі свету, што ў выніку прывяло да самай разбуральнай у гісторыі чалавецтва сусветнай вайны 1939—1945 гг.

Другая сусветная вайна з’яўляецца лёсавызначальнай падзеяй Навейшага часу. Асноўны яе змест — барацьба краін антыгітлераўскай кааліцыі супраць фашысцкіх дзяржаў. Гэта найбуйнейшы канфлікт у гісторыі, у якім удзельнічала 61 дзяржава (80 % насельніцтва зямнога шара) і была ўпершыню ўжыта ядзерная зброя. Другая сусветная вайна зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё чалавецтва.

Другі перыяд пачынаецца з 1945 г. і характарызуецца саперніцтвам дзвюх звышдзяржаў — ЗША і СССР, краін капіталізму і сацыялізму. Іх маштабнае супрацьстаянне завяршылася крахам СССР і распадам біпалярнага светапарадку, які склаўся ў выніку Другой сусветнай вайны. Пачаўся працэс глабалізацыі, ключавую ролю ў якім адыгрываюць заходнія краіны.