Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 4-1. Гарызонты інфармацыйнага грамадства

Станаўленне інфармацыйнага грамадства. У інфармацыйнай галіне за ўсю гісторыю чалавецтва некалькі разоў адбываліся настолькі радыкальныя змены, што іх можна назваць сапраўднымі рэвалюцыямі. Чалавецтва перажыло некалькі інфармацыйна-камунікацыйных рэвалюцый.

icon-persona
У сучасным бестсэлеры, кнізе «Галактыка Гутэнберга» (1960) канадскі філосаф Маршал Маклюэн прапанаваў канцэпцыю гісторыі сродкаў камунікацыі, а ў наступнай сваёй кнізе «Разуменне медыя» (1964) ён зрабіў спробу зразумець месца і ролю сродкаў камунікацыі ў сучасным жыцці. 

Маклюэн лічыў, што разгляд эвалюцыі сродкаў камунікацыі трэба пачынаць з дапісьмовага перыяду ў гісторыі культуры – перыяду панавання вуснай камунікацыі. Асноўным сродкам камунікацыі ў дапісьмовую эпоху з’яўляецца маўленне. Маўленне выступае інструментам, які дазваляе чалавеку назапашваць вопыт і веды ў форме, прыдатнай для таго, каб лёгка перадаваць гэтыя веды і максімальна эфектыўна іх выкарыстоўваць. Пераход ад вуснай культуры да эпохі пісьма пачынаецца з моманту ўзнікнення пісьменства. З пункту гледжання Маклюэна, прынцыповай зменай аказваецца вынаходства фанетычнага алфавіта ў параўнанні з іерагліфічным пісьмом. Менавіта з вынаходствам фанетычнага алфавіта адбываецца раскол паміж маўленнем і словам, пісьмо пераносіць гук у візуальную плоскасць. Пераваротным этапам і эвалюцыяй тэхналогіі пісьма становіцца распаўсюджванне друку. Тэхналогіяй новай культуры Маклюэн называе друкарскі станок, вынайдзены Гутэнбергам (адсюль і назва яго знакамітай кнiгі «Галактыка Гутэнберга»). Распаўсюджванне друкарскай тэхналогіі вядзе да змен у такіх галінах чалавечага жыцця, як навука, адукацыя, літаратура, мастацтва, грамадскі лад, эканоміка, палітычны лад.

Наступнай камунікацыйнай тэхналогіяй пасля друкарскага станка Гутэнберга аказваецца тэхналогія Марконі, ці электрычная тэхналогія. Гэта прыводзіць да новых трансфармацый культуры. Маклюэн не заспеў перыяду бурнага развіцця інтэрнэт-камунікацыі, аднак яго метадалогія даследавання дастасуецца да аналізу феноменаў сучаснай медыякультуры.

icon-task

Прывядзіце прыклады з сучаснай медыясферы, якія пацвярджаюць ці аспрэчваюць наступныя прапановы Маклюэна:

  • • З вынаходствам і развіццём сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (кіно, радыё, тэлебачанне і да т. п. ) наступае канец панавання друкаванага слова.
  • • Сёння, калі электрычнасць стварае ўмовы ў вышэйшай ступені цеснага ўзаемадзеяння ў глабальным маштабе, мы імкліва вяртаемся ў аўдыёвізуальны свет адначасовых падзей і ўсеагульнай свядомасці.
  • • …пад уплывам электрычнай тэхналогіі мы ў нашых самых звычайных паўсядзённых перажываннях і дзеяннях становімся падобныя да людзей прымітыўнай культуры. Гэты ўплыў уздзейнічае на нас не праз нашы думкі і меркаванні, да якіх мы навучыліся ставіцца крытычна, а праз наша паўсядзённае пачуццёвае жыццё, дзе выкрышталізоўваюцца матрыцы нашага мыслення і паводзінаў.
  • • Зямны шар «сціснуўся» да памераў вёскі ў выніку электронных сродкаў сувязі, стала магчыма імгненная перадача інфармацыі з любога кантыненту ў любы пункт свету.
  • • Род чалавечы зноў робіцца адзіным племем. 

«Разуменне медыя: знешнія пашырэнні чалавека»

«Галактыка Гутэнберга: станаўленне чалавека друкуючага»

icon-discussions
Разгледзьце выявы вокладак кніг Маклюэна, выдадзеных у розныя гады ў розных краінах. Якімі сродкамі перадаецца асноўны мэсэдж твора? Якія малюнкі, сімвалы і словы выкарыстоўваюцца? Якія асацыяцыі яны выклікаюць? Якую кнігу вы абралі б для чытання?