§ 4. Гарызонты інфармацыйнага грамадства
Беларусь у інфармацыйную эпоху: магчымасці і перспектывы. Развіццё інфармацыйнага грамадства з’яўляецца адным з прыярытэтаў развіцця Рэспублікі Беларусь. У 2005 г. у Беларусі быў створаны Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), у якім прадстаўлены не толькі беларускія кампаніі, але і кампаніі з іншых краін. Асноўнымі відамі дзейнасці з’яўляюцца вытворчасць праграмнага забеспячэння і прадастаўленне ІТ-паслуг. Заказчыкамі прадукцыі ПВТ з’яўляюцца фірмы амаль з 70 краін, большая частка створанага праграмнага забеспячэння ідзе на экспарт.
У краіне рэалізуецца Дзяржаўная праграма развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства. Мэтай праграмы з’яўляецца ўдасканаленне ўмоў для трансфармацыі чалавечай дзейнасці пад уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій, якія ўключаюць фарміраванне лічбавай эканомікі, развіццё інфармацыйнага грамадства і ўдасканаленне электроннага ўрада. У цяперашні час ідзе лічбавая трансфармацыя працэсаў у сістэме адукацыі.
Інфармацыйнае грамадства прад’яўляе новыя патрабаванні да чалавека. Як знайсці сваё месца і быць паспяховым у свеце, дзе лавінападобна расце аб’ём інфармацыі, хуткімі тэмпамі ідзе лічбавая трансфармацыя ўсіх сфер жыцця грамадства, укараняецца штучны інтэлект?
Ва ўмовах насычанага інфармацыйнага асяроддзя рэзка ўзрастае патрэба ў якаснай адукацыі. Прынцыпы адукацыі ў інфармацыйным грамадстве: даступнасць, адкрытасць, бесперапыннасць. Чалавек не павінен засвойваць усё большую колькасць гатовых ведаў, а павінен навучыцца арыентавацца ў нарастальных плынях інфармацыі, умець эфектыўна асвойваць новыя навыкі і тэхналогіі, хутка адаптавацца і быць гатовы да пастаянных перамен у прафесійнай дзейнасці.
Ахарактарызуйце ўласны ўзровень сфарміраванасці ключавых кампетэнцый, якімі сёння павінен валодаць кожны чалавек.
Дапоўніце спіс кампетэнцый. Абгрунтуйце сваё меркаванне.
Будаваць эканоміку ведаў і ўвасабляць канцэпцыю ІТ-краіны ў Беларусі неабходна праз змяненні ў сістэме адукацыі і падрыхтоўку кадраў для новых рэалій. Напрыклад, 1 студзеня 2021 г. створаны Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Яго дзейнасць накіравана на выяўленне і развіццё ў школьнікаў здольнасці да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці. Навучанне праводзіцца па трох напрамках: «зялёная хімія», «робататэхніка» і «інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі».