Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 3. Цывілізацыя як культурна-гістарычны працэс

Цывілізацыйны падыход да вывучэння грамадства. Найбольш маштабныя канцэпцыі цывілізацыйнага развіцця стварылі такія вучоныя, як М. Данілеўскі, О. Шпенглер, А. Тойнбі, С. Хантынгтан. Усе яны выступалі з пазіцыяй крытыкі канцэпцыі адзінай сусветнай гісторыі.

icon-persona
У рабоце «Расія і Еўропа» (1869) вядомы расійскі прыродазнавец і філосаф Мікалай Данілеўскі паслядоўна адстойваў пункт гледжання, згодна з якім не існуе гісторыі як адзінага сусветна-гістарычнага працэсу, а ёсць толькі гісторыя асобных «культурна-гістарычных тыпаў» (цывілізацый). 

Культурна-гістарычныя тыпы развіваюцца падобна да жывых арганізмаў, знаходзяцца ў барацьбе адзін з адным і са знешнім асяроддзем, выцясняюць адзін аднаго на працягу гісторыі. Вучоны вылучаў такія культурна-гістарычныя тыпы, як егіпецкі, кітайскі, індыйскі, іранскі, яўрэйскі, грэчаскі, рымскі, рамана-германскі і іншыя, усяго дванаццаць.

icon-persona
Нямецкі філосаф Освальд Шпенглер у працы «Заняпад Еўропы» (1918) разглядаў гістарычны працэс як чараду культур, якія змяняюць адна адну. 

Сапраўднымі творцамі сусветнай гісторыі, на думку О. Шпенглера, з’яўляюцца культуры, якія дасягнулі найвышэйшага росквіту і пад’ёму. Да іх ён адносіў восем вялікіх культур: егіпецкую, вавілонскую, індыйскую, кітайскую, мексіканскую, антычную, заходнееўрапейскую, арабскую.

Апалон Бельведэрскі
Апалон Бельведэрскі
Э. Дэлакруа. Доктар Фаўст
Э. Дэлакруа. Доктар Фаўст
icon-discussions

Чаму Шпенглер называў антычную культуру «апалонаўскай», а заходнееўрапейскую — «фаўстаўскай»? Хто такі Апалон, а хто такі Фаўст?

Якія падзеі адбываліся ў свеце падчас выхаду працы Шпенглера «Заняпад Еўропы»? Як вы лічыце, ці паўплывалі яны на погляды вучонага? 

Культуры, як жывыя арганізмы, маюць свой лёс і перажываюць стадыі зараджэння, росквіту, старасці і заняпаду. Цывілізацыя, на думку О. Шпенглера, — гэта заключная стадыя ў развіцці культуры, на якой адбываюцца яе выраджэнне, заняпад і «амярцвенне», яна ператвараецца ў «масавую культуру», знікаюць духоўнасць і творчасць. Грамадства дасягае вялікіх поспехаў у навуцы і тэхніцы, пераважаюць рацыяналізм і атэізм, а мастацтва, літаратура, духоўнае жыццё прыходзяць у заняпад.

icon-persona
Англійскі гісторык Арнольд Тойнбі ў сваёй 12-томнай працы «Спасціжэнне гісторыі» (1934—1961) пісаў, што гісторыя ўяўляе сабой сукупнасць параўнальна своеасаблівых і замкнёных цывілізацый. Цывілізацыя існуе ў пэўнай прасторы і часе, і аснову яе складае рэлігія, хоць параметры тэхналагічнага развіцця таксама маюць значэнне. 

У аснове тэорыі А. Тойнбі ляжыць ідэя ўзнікнення і развіцця цывілізацый як адказу на выклікі свайго часу. Выклікі пастаянна кідае народам прыроднае і сацыяльнае асяроддзе (змяненне клімату, землетрасенні ці паводкі, войны, пагрозы заваявання і да т. п.).

Стадыі ўзнікнення і росту цывілізацыі характарызуюцца тым, што творчая меншасць (эліта грамадства — прарокі, мысліцелі, палітыкі, жрацы, палкаводцы, архітэктары і інш.) паспяхова знаходзіць адказы на выклікі часу. Страта творчай меншасцю дадзенай здольнасці прыводзіць цывілізацыю да стадыі надлому і распаду. У гісторыі чалавецтва А. Тойнбі вылучаў 21 цывілізацыю і лічыў, што ў ХХ ст. засталіся існаваць толькі 10 цывілізацый.

icon-persona
Амерыканскі вучоны Сэмюэл Хантынгтан у працы «Сутыкненне цывілізацый і пераўтварэнне сусветнага парадку» (1996) разглядае цывілізацыю як шырокамаштабную культурную супольнасць, у якой магчыма вызначыць шэраг агульных рыс (мову, гісторыю, рэлігію, звычаі, інстытуты), а таксама адпаведную самаідэнтыфікацыю людзей. 

С. Хантынгтан следам за англійскім гісторыкам А. Тойнбі адводзіць рэлігійнаму пачатку галоўную ролю ў якасці крытэрыю прыналежнасці да той ці іншай цывілізацыі.

Цывілізацыі не падобныя па сваёй гісторыі, культуры, мове, традыцыях і, што самае важнае, рэлігіі. Людзі розных цывілізацый па-рознаму глядзяць на адносіны паміж Богам і чалавекам, індывідам і групай, грамадзянінам і дзяржавай, бацькамі і дзецьмі, мужам і жонкай, маюць розныя ўяўленні пра значнасць правоў і абавязкаў, свабоды і прымусу, роўнасці і іерархіі. Гэтыя адрозненні складваліся стагоддзямі. Яны не знікнуць у найбліжэйшай будучыні і могуць прывесці да небяспечных канфліктаў, сутыкненняў па лініі цывілізацыйных разломаў (зоны патэнцыяльных канфліктаў на мяжы цывілізацый з рознымі рэлігіямі, каштоўнасцямі і культурамі).

Асаблівасць цывілізацыйнага падыходу заключаецца ў тым, што ён разглядае цывілізацыі, якія суіснуюць адна з адной у кожны момант часу, а не ідуць паслядоўна адна за адной. Акрамя дадзенага палажэння, важнай рысай адзначанага падыходу з’яўляецца прызнанне таго, што працэсы, якія адбываліся ў адной цывілізацыі, не абавязкова павінны паўтарыцца ў іншых цывілізацыях.

Міланскі сабор
Вялікі Сфінкс
Лаакаон і яго сыны
Блакітная мячэць
Натараджа
Вароты Іштар
Храм Васіля Блажэннага
Тэракотавая армія
Чычан-Іца
icon-discussions
Якія выявы вы выбераце для ілюстрацыі класіфікацыі цывілізацый М. Данілеўскага, О. Шпенглера, А. Тойнбі? Чаму? Якія выявы можна выкарыстаць для ілюстрацыі канцэпцыі сутыкнення цывілізацый С. Хантынгтана? Абгрунтуйце сваё меркаванне. 

Станаўленне цывілізацыйнай ідэнтычнасці Беларусі адбывалася ў працэсе доўгага гістарычнага шляху беларускага народа ў пошуку адказаў на пытынні: «Хто мы такія? Адкуль прыйшлі? Куды ідзём?» Для таго каб адказаць на гэтыя пытанні, неабходна ведаць тое, што нас аб’ядноўвае: нашы каштоўнасці, традыцыі, гісторыю.

Як у сучаснасці праяўляюцца традыцыі продкаў?

icon-task
Вызначце, які традыцыйны арнамент актыўна выкарыстоўваецца ў сімволіцы розных устаноў і арганізацый (дзяржаўных і недзяржаўных, бізнесу і некамерцыйных структур) у Беларусі. Якія народныя і хрысціянскія каштоўнасці трансліруе дадзены арнамент? 

Цывілізацыйная ідэнтычнасць Беларусі фарміравалася пад уплывам розных фактараў. Геаграфічнае становішча Беларусі на перакрыжаванні еўрапейскіх дарог, клімат і ландшафт, асаблівасці этнакультурнага развіцця і станаўлення дзяржаўнасці, канфесійная разнастайнасць і мірнае суіснаванне розных рэлігій вызначаюць спецыфіку цывілізацыйнага існавання беларусаў.

icon-discussions

Якія прыметы можна вылучыць як унікальныя, характэрныя толькі для Беларусі? Ці згодны вы з ацэнкай цывілізацыйнай прыналежнасці Беларусі, якую выказаў беларускі філосаф Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі) у сваім эсэ «Адвечным шляхам» (1921):

«Ваганне паміж Захадам і Усходам і шчырая непрыхільнасць ні да аднаго, ні да другога з’яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу»?

Абгрунтуйце сваё меркаванне.