Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 1-0. Навукі пра будучыню

Футуралогія, гуманістыка і глабалістыка як навукі пра будучыню. Людзі заўсёды імкнуліся зазірнуць у будучыню. Многія філосафы, прарокі і рэлігійныя мысліцелі са старажытных часоў спрабавалі прадказаць будучыню (напрыклад, шырока вядомы канцэпцыі — прагнозы будучыні Платона і Арыстоцеля, Іаана Багаслова і Настрадамуса, Томаса Мора і Роберта Оўэна і інш.).

Першыя навуковыя прагнозы з’яўляюцца ў XIX ст., а ў XXI ст. асаблівае значэнне набываюць такія навукі, як футуралогія, гуманістыка і глабалістыка. Яны дапамагаюць нам пазнаваць свет ва ўмовах кардынальных змен, звязаных з выкарыстаннем дасягненняў НТР, прымаць эфектыўныя кіраўніцкія рашэнні.

Паштоўка «Хмараразгоншчык» на паравой цязе з цыкла «Германія ў XXI стагоддзі» (1900)
Паштоўка «Хмараразгоншчык» на паравой цязе з цыкла «Германія ў XXI стагоддзі» (1900)
Паштоўка з серыі En L’An 2000 (Францыя, 1901)
Паштоўка з серыі En L’An 2000 (Францыя, 1901)
Я. Драздовіч. Абсерваторыя на кальцы Сатурна (1931)
Я. Драздовіч. Абсерваторыя на кальцы Сатурна (1931)
Я. Драздовіч. Вечар у пустыні на Марсе (1932)
Я. Драздовіч. Вечар у пустыні на Марсе (1932)
icon-discussions
Якія прагнозы будучыні, зробленыя аўтарамі дадзеных карцін і паштовак, спраўдзіліся? З дапамогай малюнкаў праілюструйце іх сучасныя аналагі. 

Футуралогія (ад лац. futurum – будучыня і грэч. logos – вучэнне) – гэта навуковы кірунак, які вывучае будучыню, мэты, задачы, напрамкі далейшага развіцця чалавецтва. Вылучэнне футуралогіі ў асобную дысцыпліну адбылося пасля Другой сусветнай вайны, калі пачалiся маштабнае аднаўленне пасляваеннай эканомікі многіх краін, будаўніцтва новых аб’ектаў. Для гэтага былі неабходны буйныя праекты, планаванне далейшага развіцця на аснове вывучэння будучыні, вызначэння грамадскіх мэт.

У канцы 60-х гг. ХХ ст. пачаўся міжнародны дыялог пра доўгатэрміновыя мэты развіцця чалавецтва. Былі створаны міжнародныя арганізацыі футуролагаў – Сусветная федэрацыя вывучэння будучыні, Сусветнае таварыства футуролагаў, Савет па сусветнай будучыні.

icon-search
Правядзіце пошук інфармацыі ў Сеціве аб міжнародных арганізацыях футуролагаў, створаных у 1960-я гг. Якія з іх захаваліся і існуюць у цяперашні час, якія зніклі? Якія новыя футуралагічныя арганізацыі ўзніклі? 

У працэсе аналізу будучыні распрацоўваліся яе розныя мадэлі: постіндустрыяльнае грамадства (Д. Бэл), грамадства Трэцяй хвалі (Э. Тофлер), тэхнатроннае грамадства (З. Бжазінскі), пострэвалюцыйнае грамадства (І. Галтунг), кібернетычнае грамадства (Д. Плат) і інш. Футуралагічныя кнігі Д. Бэла і Э. Тофлера сталі вельмі папулярныя. Шэраг універсітэтаў заходніх краін выкладае спецкурсы па футуралогіі.

З 80-х гг. ХХ ст. футуралогія перажывае другі пад’ём. На першы план выходзяць праблемы асобы, ладу жыцця, культуры, контркультуры. Заходнія даследчыкі адзначаюць зрух з аптымістычных уяўленняў пра будучыню, заснаваных на веры ва ўсемагутнасць тэхналагічных дасягненняў, навукова-тэхнічнага прагрэсу, да песімістычнага бачання будучыні. У прагнозах дамінуе песімізм: чалавецтвам не вырашаюцца праблемы беднасці, вычарпання рэсурсаў, забруджвання навакольнага асяроддзя, распаўсюджвання ядзернай зброі і да т. п. Няроўнасць у размеркаванні даброт, няздольнасць справіцца з эканамічнымі, экалагічнымі, сацыяльнымі праблемамі могуць весці да разбурэння дзяржаў, канфліктаў і войнаў. Самыя абгрунтаваныя планы могуць не рэалізавацца з-за змены патрэб сучаснага чалавека, міжасобасных зносін, каштоўнасных арыентацый. У такіх выпадках могуць дасягацца значна меншыя мэты, чым чакалася.