Печатать эту главуПечатать эту главу

Заключэнне

Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне геаграфіі і вырашэння глабальных праблем чалавецтва. У цяперашні час у свеце існуе разгалінаваная сістэма міжнароднага супрацоўніцтва, накіраваная на вырашэнне глабальных праблем чалавецтва.

img
Мал. 213. Эмблема ЮНЕП

Перш за ўсё гэта розныя структуры ў рамках ААН. Галоўная з іх — Міжнародная міжурадавая арганізацыя «Праграма ААН па навакольным асяроддзі» (ЮНЕП), заснаваная ў 1972 г. (мал. 213). Асноўнай мэтай ЮНЕП з’яўляецца арганізацыя і рэалізацыя мер, накіраваных на ахову і паляпшэнне навакольнага асяроддзя на карысць цяперашняга і будучых пакаленняў. Дэвіз Праграмы — «Навакольнае асяроддзе ў інтарэсах развіцця». Штаб-кватэра ЮНЕП знаходзіцца ў сталіцы Кеніі Найробі. Праграму каардынуе адміністрацыйны савет, у які ўваходзяць прадстаўнікі 58 краін свету. ЮНЕП інфармацыйна і фінансава падтрымлівае ўсе прынцыповыя міжнародныя акцыі ў галіне рацыянальнага выкарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, склікае міжнародныя канферэнцыі. Па прапанове ЮНЕП штогод 5 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень навакольнага асяроддзя.

Актыўны ўдзел у вырашэнні праблем узаемадзеяння грамадства і прыроды прымаюць іншыя спецыялізаваныя ўстановы ААН: Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ФАО), Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА), Праграма развіцця ААН (ПРААН) і інш.

img
Мал. 214. Эмблема ЮНЕСКА

ЮНЕСКА існуе з 1946 г. (мал. 214). Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца 150 краін. 250 міжнародных няўрадавых арганізацый маюць кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА і звыш 400 арганізацый падтрымліваюць з ёй дзелавыя кантакты. Штаб-кватэра ЮНЕСКА знаходзіцца ў Парыжы. Арганізацыя садзейнічае ўмацаванню міру і бяспекі, спрыяе супрацоўніцтву народаў у галіне адукацыі, навукі і культуры ў інтарэсах забеспячэння ўсеагульнай павагі да справядлівасці, законнасці, правоў чалавека і асноўных свабод.

img
Мал. 215. Эмблема ФАО

ФАО працуе з 1945 г. (мал. 215). Яе членамі з’яўляюцца каля 150 дзяржаў. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Рыме. Задача ФАО — садзейнічанне паляпшэнню харчавання і павышэнню ўзроўню жыцця, павышэнню прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, рыбаводства; удасканаленне сістэмы размеркавання харчавання і прадукцыі сельскай гаспадаркі. ФАО збірае, вывучае і распаўсюджвае інфармацыю па пытаннях харчавання і сельскай гаспадаркі (у тым ліку лесаводства і рыбаводства); падтрымлівае навуковыя, тэхнічныя і іншыя пошукі ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання.

img
Мал. 216. Эмблема СААЗ

СААЗ заснавана ў 1946 г. (мал. 216). Штаб-кватэра знаходзіцца ў Жэневе. Дзейнасць арганізацыі накіравана на барацьбу з асабліва небяспечнымі хваробамі, распрацоўку санітарных правіл і норм. СААЗ прыняла актыўны ўдзел у ацэнцы наступстваў ядзернай вайны для здароўя насельніцтва. Гэтыя работы паслужылі асновай для прыняцця сусветнай супольнасцю найважнейшых пагадненняў па забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, яго скарачэнні і нераспаўсюджванні.

img
Мал. 217. Эмблема СМА

СМА створана ў 1950 г. (мал. 217). Членамі арганізацыі з’яўляюцца больш за 150 краін. Штаб-кватэра размешчана ў Жэневе. СМА прыняла актыўны ўдзел у стварэнні сусветнага маніторынгу хімічнага саставу атмасферы і змянення клімату. Яна ўзначаліла кампанію па ацэнцы прычын і вынікаў антрапагенных змяненняў клімату, адыграла важную ролю пры распрацоўцы Рамачнай канвенцыі аб змяненні клімату (падпісана ў 1992 г.). СМА ўнесла важны ўклад у Венскую канвенцыю па ахове азонавага слоя і Манрэальскі пратакол па рэчывах, што разбураюць азонавы слой. Яна звяртае ўвагу сусветнай супольнасці на небяспечны стан азонавага слоя, выпадзенне кіслотных ападкаў, змяненне клімату, стыхійныя бедствы, забруджванне атмасферы і гідрасферы. Для гэтага СМА выкарыстоўвае ўласную сістэму глабальных назіранняў за азонам, станам атмасферы і гідрасферы.

Важную ролю ў вырашэнні геаэкалагічных праблем іграюць міжнародныя няўрадавыя арганізацыі: Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусветны фонд аховы прыроды (СФАП), Міжнародны савет навуковых саюзаў (МСНС) і інш.

img
Мал. 218. Эмблема МСАП

МСАП (мал. 218) уключае 502 установы (дзяржаўныя, навуковыя, нацыянальныя і інш.) з 130 дзяржаў, а таксама 24 міжнародныя арганізацыі. Ён садзейнічае супрацоўніцтву паміж урадамі, нацыянальнымі і міжнароднымі арганізацыямі, асобнымі спецыялістамі па пытаннях абароны прыроды і аховы прыродных рэсурсаў. Найважнейшыя міжнародныя прыродаахоўныя акцыі МСАП: выпуск Чырвонай кнігі (1-ы том выйшаў у 1968 г.), прыняцце XIV сесіяй Генеральнай Асамблеі МСАП у 1978 г. Сусветнай стратэгіі аховы прыроды і Хартыі аховы прыроды.

Асаблівую ролю ў захаванні прыроды Зямлі іграюць грамадскія рухі і арганізацыі. Іх яркім прадстаўніком з’яўляецца экалагічная арганізацыя «Green Peace» («Зялёны свет»).

img
Мал. 219. Эмблема МГС

Географы прымаюць актыўны ўдзел у нацыянальных і міжнародных праектах, накіраваных на вывучэнне і ахову навакольнага асяроддзя. Іх дзейнасць узгадняе Міжнародны геаграфічны саюз (МГС), заснаваны ў 1922 г. (мал. 219). У цяперашні час у яго ўваходзяць геаграфічныя таварыствы 87 дзяржаў. Па ініцыятыве МГС праводзяцца даследаванні розных прыродных і сацыяльна-эканамічных працэсаў у свеце.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Міжнародныя геаграфічныя кангрэсы сістэматычна праводзяцца з 1871 г. Яны спрыяюць абмену вопытам, ідэямі, вынікамі найважнейшых даследаванняў, развіццю навуковай і вучэбнай геаграфіі. 33-і Міжнародны геаграфічны кангрэс прайшоў у Пекіне (Кітай) з 21 па 25 жніўня 2016 г. У яго рабоце прынялі ўдзел каля 5000 географаў з 80 краін свету. Кангрэс быў прысвечаны праблемам фарміравання гарманічнага свету, устанаўлення гармоніі паміж чалавекам і прыродай, павагі культурных адрозненняў.

Павышаны ўзровень П2

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў міжнародным супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Рэспубліка падпісала 13 глабальных і 9 рэгіянальных міжнародных пагадненняў, а таксама 34 двухбаковыя і шматбаковыя дагаворы. Сфера міжнароднага супрацоўніцтва краіны ў галіне аховы навакольнага асяроддзя пастаянна пашыраецца.

Асаблівая ўвага ў міжнародным супрацоўніцтве надаецца пытанням умацавання прыгранічнага ўзаемадзеяння з сумежнымі краінамі. Адным з прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва з прыгранічнымі дзяржавамі — Літвой, Расіяй і Украінай — з’яўляецца ахова трансгранічных водных аб’ектаў ад забруджвання і сумесны маніторынг іх стану. Беларусь далучылася да большай колькасці найважнейшых міжнародных прыродаахоўных канвенцый (мал. 220).

img
Мал. 220. Міжнародныя прыродаахоўныя канвенцыі, якія падпісала Беларусь