Вывучэнне стылістыкі ставіць галоўным чынам практычную задачу: павышэнне маўленчай культуры. Акрэсліліся два асноўныя кірункі стылістыкі. Першы з іх — практычны, які даследуе стылістычную афарбоўку моўных сродкаў і мае справу пераважна са стылістычнымі сінонімамі. Другі кірунак — функцыянальная стылістыка — у цэнтр увагі ставіць паняцце функцыянальнага стылю, выпрацоўку ўмення ствараць выказванне з улікам абставін і мэты маўленчых зносін. Гэта «актыўная» стылістыка. Яе задача — развіваць моўную інтуіцыю праз усведамленне стылістычнай структуры кантэксту (А. Каўрус). Стылістыка вучыць адбіраць з арсенала мовы разнастайныя сродкі ў залежнасці ад зместу выказвання, яго мэты і сітуацыі, у якой адбываецца абмен думкамі, інфармацыяй. Гэта дысцыпліна дапамагае асэнсаваць эстэтычную функцыю мовы, ролю вобразных сродкаў, стылістычна афарбаваных марфалагічных форм і сінтаксічных канструкцый. Засваенне правіл стылістыкі садзейнічае больш уважлівым адносінам да жывога народнага слова, дазваляе пазбягаць моўных штампаў, засцерагае ад безгустоўнага спрашчэння і мудрагелістай псеўданавуковасці (А. Юрэвіч). Стылістыка выхоўвае ўважлівае стаўленне да мовы, матывуе выкарыстанне стылістычна афарбаваных сродкаў, вучыць багаццю маўлення, асэнсоўвае функцыю слова ў мастацкім кантэксце (А. Пісарэнка).
|