ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы
Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы. Выяўленне аўтарскай пазіцыі ў мастацкім творы
Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы.
Выяўленне аўтарскай пазіцыі ў мастацкім творы
Аўтар, стваральнік мастацкага тэксту — гэта рэальная асоба са сваім лёсам, светапоглядам, асабістым жыццёвым вопытам і адносінамі да свету і людзей. І гэтыя фактары так або інакш уплываюць на ідэйны змест твора. Ідэалы, светапогляд, жыццёвы вопыт і творчыя прынцыпы пісьменніка выяўляюцца ў яго звароце да пэўных тэм, падзей, звычайна больш знаёмых аўтару або блізкіх да ўласна перажытага. Погляды аўтара, яго намеры адлюстраваць у творы тое, што хвалюе, выяўляюцца і ў вызначэнні сюжэтных падзей, кампазіцыйнай структуры, сістэмы вобразаў, а тым больш у абмалёўцы аблічча, характару, паводзін герояў. Такім чынам, праз уласнае бачанне і разуменне жыцця, важных гістарычных падзей аўтар мадэліруе мастацкую рэальнасць у творы, асэнсоўвае і выяўляе ўласныя ацэначныя адносіны да іх.
Адлюстраванне ў мастацкім творы ацэначных адносін аўтара да жыццёвых падзей і герояў заўсёды выяўляе ідэалы і творчыя намеры (задуму) пісьменніка, яго ўяўленні пра свет і чалавека. У літаратуразнаўстве гэта называецца аўтарскай канцэпцыяй жыцця і асобы.
Аўтарская канцэпцыя — гэта галоўная ідэя або некалькі аб’яднаных ідэй, якія ўвасабляюцца пісьменнікам у творы. |
Яна ўтрымлівае пэўную ацэначную інтэрпрэтацыю апісаных ім падзей і герояў, а таксама сістэму маральна-філасофскіх поглядаў пісьменніка на свет, грамадства, чалавека. Праз аўтарскую канцэпцыю выяўляюцца духоўнае аблічча і светапогляд самога аўтара, ідэйна-эстэтычныя прынцыпы яго творчасці.
«Прысутнасць» аўтара, адметнасць яго бачання свету і чалавека можна заўважыць пры ўважлівым чытанні і асэнсаванні твора. Некаторыя тэарэтыкі нават сцвярджаюць, што галоўным героем кожнага твора з’яўляецца сам аўтар, які праз твор перадае чытачам сваю канцэпцыю жыцця, сваё разуменне сэнсу існавання асобы ў грамадстве і свеце. Сапраўды, амаль заўсёды аўтар выяўляе асабістыя адносіны да таго, пра што піша. Чытачу важна разумець аўтарскую пазіцыю, каб глыбей спасцігнуць твор і сутнасць аўтарскай задумы, аб’ектыўна ацаніць майстэрства пісьменніка, глыбіню ідэйна-канцэптуальнага сэнсу твора.