Печатать эту главуПечатать эту главу

«Дом без гаспадара»

Раскрыццё псіхалогіі дзяцей-сірот і праблема бацькоў і дзяцей у рамане

Раман «Дом без гаспадара» (1954) многія крытыкі лічаць лепшым празаічным творам, напісаным Г. Бёлем.

Галоўныя героі рамана — два хлопчыкі, якія нарадзіліся ў 1942 годзе. Адзін з іх стаў сіратой яшчэ перад сваім з’яўленнем на свет, другі — калі яму было ўсяго два месяцы. Гераінямі рамана з’яўляюцца і іх маці — дзве салдацкія ўдавы. Яшчэ ў рамане сустракаецца мноства «амаральных дзядзькаў» і толькі адзін «прыстойны» (як характарызуюць іх хлопчыкі). Над усімі героямі рамана вісіць пракляцце былой вайны. Іх не пакідаюць думкі пра крывавы гвалт у гады гітлерызму і пра заўчасную смерць гаспадароў сем’яў. 

Два маладыя мужчыны, якія ненавідзелі вайну, загінулі. Дзве сям’і страцілі бацькоў, таму такі сумны лёс іх жонак і дзяцей. Аўтарам глыбока раскрыта псіхалогія дзяцей-сірот. Хлопчыкі, якія належаць да розных сацыяльных колаў, самастойна спрабуюць зразумець свет дарослых, навучыцца жыць у ім. І пазнанне дарослага жыцця пачынаецца са знаёмства са шматлікімі «дзядзькамі», з якімі сустракаюцца іх маці. Свет, які бачаць дзеці, Г. Бёль намаляваў адкрыта, да ўзнаўлення пачварных сцэн, бо аўтар лічыў патрэбным паказаць увесь бруд, які прынесла вайна, і «біць па тварах тых людзей, якія забылі вайну». 

Хлопчыкі з чулай душой, рана абуджанай свядомасцю сумняваюцца ў нормах пануючай маралі. Бескарыслівае, па-дзіцячы пяшчотнае сяброўства дапамагае героям выжыць у свеце, дзе галоўную ролю адыгрываюць грошы. Марцін, адзін з хлопчыкаў, сын загінуўшага паэта Раймунда Баха, жыве ў забяспечанай сям’і. Але ён ужо разумее, што яго маці адрозніваецца ад «распуснай» маці яго сябра толькі тым, што ў яе ёсць грошы і яна можа не клапаціцца пра заўтрашні дзень. Ён задумваецца і над тым, што яго бабуля з нязменнай чэкавай кніжкай і фенаменальным абжорствам плаціць у шынку Фавінкеля амаль столькі, колькі сям’я яго сябра Генрыха Брылаха растрачвае за тыдзень.

Гэты шынок з кроўю і тлушчам на талерках, хрустам пераломаных зубамі костачак становіцца гратэскавым сімвалам свету жорстка-абыякавых уласнікаў. Калі ў памяці Марціна ўсплывае гук, які суправаджае адрыванне чэка ў шынку за вячэру, яму становіцца страшна: ва ўяўленні хлопца грошы набываюць матэрыялізаваную форму і нібы паўзуць да яго. Так разгортваецца ў рамане матыў нянавісці да сытых, скупых і тупых гаспадароў жыцця; і гэта нянавісць зліваецца з нянавісцю да фашызму. Калі Альберт паказвае Марціну падзямелле, у якім некалі тры дні пратрымалі яго бацьку і дзе забілі чалавека, які напісаў бацькаў партрэт (а цяпер там прадпрымальнік вырошчвае на продаж шампіньёны), хлопец думае: «Тут забівалі людзей, тут некалі нацы білі і тапталі ягонага тату і дзязьку Альберта. <…> Альберт казаў, што няма нічога страшнейшага, чым нацы, а ў школе іх лічылі не такімі ўжо страшнымі. Па словах настаўніка, на свеце было нешта і страшнейшае, не такія ўжо і страшныя нацы, казаў ён, як страшныя рускія». Гэта страшнае месца, дзе «цяжкі пах, паўзмрок, гной, дзіўныя пюпітры з кнопкамі, правады, якія ідуць глыбока ў зямлю», дзе «глыбока пад зямлёй стаілася смерць і чакае, пакуль хто не націсне на адну з кнопак», урэзалася хлопчыку ў памяць, «там забівалі людзей, і ён запомніў гэта назаўсёды, як і вячэру ў шынку ў Фавінкеля». Парадаксальнасць дзіцячага ўяўлення, у якім шынок параўноўваецца з канцэнтрацыйным лагерам, дазволіла аўтару выявіць сувязь з’яў, якія здаюцца несупастаўляльнымі. Такі мастацкі прыём з’яўляецца характэрным для асацыятыўнага метаду Бёля. 

Спачуваючы сябру, Марцін моліцца за яго: «Божа, зрабі так, каб Генрыху жылося лепш!» Хлопчыка ўвесь час хвалюе першае пытанне катэхізіса: «Навошта прыйшлі мы ў свет гэты?» І ўсё больш ён пачынае сумнявацца ў тым, што чалавек прыходзіць у свет, каб служыць Госпаду, — ён шукае шлях да людзей. Марцін увесь час марыць пабачыць бацьку, хаця б у сне. Кладучыся спаць, хлопчык прачытвае ўсе малітвы, якія ведае, і ў кожнай просіць пабачыць у сне бацьку. 

Яго сябра Генрыха маці нараджала, «калі на горад сыпаліся бомбы, яны падалі на тую вуліцу, а пад канец і на той дом, дзе ў бамбасховішчы, на брудных нарах, заляпаных ваксай, яна курчылася ў схватках. Галава маці аказалася на тым самым месцы, куды нейкі салдат уладкаваў свае боты…» І з «таго часу як Генрых Брылах нарадзіўся, нікому і ў галаву не прыходзіла хоць дзянёк паберагчы хлопчыка». Ён рос «з цвёрдым перакананнем, што каля маці заўсёды павінен быць нейкі дзядзька». На Генрыху ляжыць недзіцячая адказнасць за сям’ю, яму ўласціва пачуццё годнасці, самапавагі. Хлопец не жадае прыстасоўвацца і хлусіць. 

«Спакою ў Генрыха не было ніколі, занадта ўжо многа ў яго было ўсялякіх клопатаў, і школу ён успрымаў як справу другарадную, непатрэбную, але адначасова сімпатычную, як нешта далёкае ад жыцця». Ён вельмі цяжка перажывае за маці, знаходзіць адзіную ўцеху ў клопатах пра сястру, маленькую Вільму. Калі Генрых і ўсміхаецца, то гэта стомленая ўсмешка «абцяжаранага клопатамі дарослага чалавека, якому не да смеху». Хлопчык многа думае пра сэнс слова «маральны», параўноўвае тое, у чым яго пераконваюць у школе, і тое, што ён бачыць на самай справе ў рэальным жыцці. Свет вакол яго расколваецца на часткі: першая — гэта тое, пра што гавораць настаўнікі і святар; другая — свет, у якім ён жыве. І ён усё больш пачынае думаць не пра тое, «прыстойная» ці «распусная» яго маці, а пра «надзею, якая асвяціла на імгненне твар яго маці», пра тое, як жыць далей, у чым шукаць духоўны грунт. 

У творы большасць падзей убачана вачыма хлопчыкаў, іх непасрэднае ўспрыняцце кантрастуе з агульнапрынятымі ацэнкамі і высвятляе сапраўднае значэнне рэчаў. Лёсы хлопчыкаў нясуць на сабе адбітак зламаных вайной лёсаў іх маці, якія аўдавелі ў дваццаць гадоў і жывуць мінулым, не маючы магчымасці нанова ўладкаваць сваё жыццё.