Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 26. Знаёмства з пакетам SMath Studio

26.3. Увод і рэдагаванне тэкставых надпісаў

Тэкставыя надпісы і матэматычныя выразы на працоўным лісце пакет SMath Studio захоўвае ў розных фарматах. Але пачатак уводу любых сімвалаў пакет успрымае як увод матэматычнага выразу.

Каб пераключыць пакет на ўвод тэкставага надпісу, ён павінен пачынацца з сімвала " (падвойныя двукоссі) (прыклад 26.5).

Увод тэкставага надпісу завяршаюць націскам клавішы Enter або пстрычкай паказальніка мышы па вольным ад даных месцы працоўнага ліста.

Калі тэкставы надпіс павінен займаць некалькі радкоў, то для пераходу на наступны радок выкарыстоўваюць клавіятурную камбінацыю Shift+Enter (прыклад 26.6).

Каб змяніць тэкставы надпіс або яго афармленне, па ім пстрыкаюць паказальнікам мышы. Тэкставы надпіс апраўляецца тонкай чорнай рамкай, і ў тэксце з'яўляецца вертыкальны тэкставы курсор (прыклад 26.7).

Тэкст змяняюць (рэдагуюць) прыёмамі працы ў тэкставым рэдактары. Ля правай мяжы тэксту размешчаны вертыкальны чорны маркер. Ён прызначаны для змены памеру рамкі і яго можна перацягваць мышшу направа-налева.

Для фармаціравання тэкставых надпісаў выкарыстоўваюць інструменты другога раздзела Панели инструментов (прыклад 26.8).

Прыклад 26.5. Паказальнікам месца ўводу выберам месца на працоўным лісце SMath Studio і ўвядзем тэкст «Загаловак». Увод пачынаем сімвалам " (падвойныя двукоссі). Адразу з'яўляецца пустая рамка для ўводу тэксту.

У другім месцы ліста ўвядзем надпіс «Прыклад уводу тэксту».

Прыклад 26.6. Увядзем тэкст у два радкі: першы — «Пераклад тэксту на другі радок», другі — «праводзяць камбінацыяй Shift+Enter».

Прыклад 26.7. Выгляд тэкставага надпісу пасля пстрычкі мышшу па ім.

Тэкставы курсор можна перамяшчаць з дапамогай клавіятуры або мышшу.

Прыклад 26.8. Раздзел фармаціравання панэлі ўключае 10 інструментаў 

Злева размешчаны інструменты выбару шрыфта па імені, памеру шрыфта і тры кнопкі выбару напісання.

Наступныя тры кнопкі адказваюць за:

  • колер тэксту;
  • колер фону тэкставага надпісу;
  • вывад/выдаленне мяжы надпісу.

Каб прымяніць інструмент або іх камбінацыю, досыць пстрыкнуць паказальнікам мышы па надпісу, а затым па кнопцы панэлі.

Змена тэксту або яго фармаціраванне завяршаецца гэтак жа, як і ўвод тэкставага надпісу.