Печатать эту главуПечатать эту главу

Навелы «Канон Гарыні», «Канон Школе», «Канон Маці»

Уводзіны

Слова «канон» паходзіць ад грэчаскага kanon і перакладаецца на беларускую мову як «норма», «правіла». Згодна са «Слоўнікам іншамоўных слоў» А. М. Булыкі, яно мае два значэнні: 1) асноўнае правіла, палажэнне якога-небудзь напрамку, вучэння (напрыклад, царкоўныя каноны, каноны класіцызму); 2) тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай.

У дачыненні да мастацкай літаратуры гэта паняцце часта выкарыстоўваюць для характарыстыкі жанраў і жанравых форм: існуюць свабодныя і цвёрдыя (кананічныя) жанры і формы. Да апошніх адносяцца, напрыклад, санет, трыялет, рандо і інш. Літаратуразнавец Л. Іконнікава лічыць, што «канон не з’яўляецца жанрам літаратуры, а служыць паказчыкам мастацкай вартасці твора… У пераносным сэнсе канонам з’яўляецца ўсё тое, што дакладна і цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым. Зыходзячы з такой інтэрпрэтацыі, выкарыстанне пісьменнікам дадзенага слова ў назвах указвае на тое, што ў змест твораў уключаны пэўныя правілы і нормы паводзін чалавека».

Цыкл «Давыд-гарадоцкія каноны» Г. Марчука складаецца з дзесяці невялікіх ліра-эпічных навел са спавядальна-велічальным зместам. Яны прысвечаны роднай зямлі пісьменніка, людзям, якія на ёй жывуць. Давыд-Гарадок — унікальны куток Беларусі. Ён мае багатую гісторыю, размяшчаецца ў маляўнічым Палескім краі, там, дзе паўнаводная Гарынь зліваецца з прыгажуняй Прыпяццю. Тут жывуць вельмі працавітыя і таленавітыя людзі, якія з гонарам распавядаюць пра свой гарадок, увасабляюць яго краявіды ў мастацкіх творах, фільмах, жывапісных палотнах, песнях. У канонах Г. Марчук паспрабаваў паказаць унутраны свет сваіх землякоў, іх адносіны да традыцыйных, у пэўным сэнсе кананічных паняццяў, з’яў, прадметаў, звычаяў. Творцу прываблівае менталітэт жыхароў Давыд-Гарадка, характэрныя асаблівасці, якія вылучаюць гэтых людзей сярод іншых жыхароў Беларусі. Асэнсаваць гэтыя адметнасці ён паспрабаваў праз адносіны гарадчукоў да Бога, Гарыні, Хаты, Вуліцы, Агарода, Школы, Ветру, Базару, Часу, Маці. Словы-прысвячэнні пададзены пісьменнікам з вялікай літары — яны набываюць тым самым сэнсавую вызначальнасць у лёсе чалавека.