«Сэрца на далоні»
Праблематыка рамана. Маральна-этычная сутнасць аўтарскай пазіцыі. Рэтраспектыўны зварот да падзей вайны
У цэнтры рамана — тры галоўныя героі, вакол якіх развіваецца дзеянне і дзякуючы іх учынкам разгортваюцца сацыяльны і бытавы канфлікты: журналіст, аўтар кнігі пра падполле, многіх іншых цікавых матэрыялаў Кірыла Шыковіч; доктар, хірург, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, дэпутат гарсавета, навуковец, які працуе над дысертацыяй, Антон Яраш і старшыня гарвыканкама, былы партызан і падпольшчык, аўтар кнігі пра перажытае Сямён Гукан. Усе гэтыя героі амаль равеснікі, усе перажылі ваеннае ліхалецце. Кожны з іх мае свае погляды на жыццё, бярэ ў ім непасрэдны ўдзел, ацэньвае дэмакратычныя змены ў грамадстве.
У рамане «Сэрца на далоні» адлюстравана цікавая старонка жыцця краіны, калі пераважная большасць членаў грамадства паверыла ў праграмныя лозунгі партыі. Найперш паверыў у гэта журналіст Кірыла Шыковіч, які некалі разам са старшынёй гарвыканкама Гуканам выдаў кнігу пра падпольшчыкаў і партызан, а цяпер пераглядае ранейшыя яе палажэнні, стараецца рэабілітаваць добрае імя доктара Савіча, запісанага ў здраднікі, а на самай справе ўдзельніка падполля.
Змест твора найперш прысвечаны гэтай праблеме. Для Шыковіча яна галоўная. Імкнучыся знайсці справядлівасць, ён змагаецца і за сваё добрае імя, і супраць Гукана, які ў вайну хаваўся ў доме Савіча, а пазней, у мірны час, заняў высокую пасаду. Гукан не толькі не расказаў праўды пра ўчынак падпольшчыка Савіча, якога немцы абвясцілі забітым партызанамі і пахавалі з гонарам, але і данёс на яго дачку Зосю, якую пратрымалі затым доўгі час у сталінскіх турмах. Знайшліся і тыя, хто прыйшоў Шыковічу на дапамогу: былы франтавік, сакратар гаркама партыі Тарасаў; дакладны ў дзеяннях, вытрыманы, сухаваты і, на першы погляд, некалькі раўнадушны чэкіст капітан Сербаноўскі, які аказваецца самым зацікаўленым у гэтай справе.
Пазней і Яраш прызнае памылковым сваё жаданне адмовіцца ад вывучэння мінулага, займацца толькі прафесійнай дзейнасцю і ўхіляцца ад выкрыцця прыстасаванца і кар’ерыста Гукана. Вось як Шыковіч усведамляе свае задачы, калі бярэцца за справу аднаўлення справядлівасці: «Прайшло шмат год, вырасла новае пакаленне, якому няма ніякай справы да нейкага доктара Савіча, лёс яго нікога не цікавіць. Дык навошта выцягваць яго з небыцця? Так, напэўна, разважае Яраш. Але ён, Кірыла, трымаецца іншай думкі. Нарэшце, гэта справа яго гонару: завяршыць пачатую працу!»
Побач з сучаснасцю ў рамане паўстае ваеннае мінулае, паказанае рэтраспектыўна. Пра падзеі вайны апавядае Яраш сябру-журналісту. Іх трагізм перадаецца і ў споведзі Зосі Савіч, якая ўратавала Яраша, калі ён забіў начальніка паліцыі Лучынскага, адпомсціў за павешаных падпольшчыкаў і хаваўся ў доме Савіча да адпраўкі ў лес. Зося таксама расказвае Шыковічу, як яна хавала ў сябе на гарышчы і іншага чалавека. Апавядае пра падполле і Клаўдзія Сухадол — былая медыцынская сястра інфекцыйнага шпіталя, дзе працаваў Яраш, а цяпер вясковая жыхарка, якая лечыць травамі людзей, нават пенсіі не атрымлівае (працавала разам з «ворагам народа» Сцяпанам Савічам!). Гэта грамадска-сацыяльны фон рамана, звязаны з тэмай перабудовы грамадства па прынцыпе справядлівасці і праўды.
Паралельна з грамадскім у рамане з пачатку і да канца паказваецца жыццё асабістае. У цэнтры ўвагі І. Шамякіна — лёс дзвюх сем’яў: урача-хірурга Яраша і журналіста Шыковіча. Жывуць яны побач, на дачы, пабудаванай на дзве сям’і, збіраюць гасцей, вудзяць рыбу, сядзяць каля вогнішча і прыгадваюць мінулыя часы, спрачаюцца з жонкамі, дзецьмі.
Самыя яркія бытавыя сцэны — пачатак рамана, дзе Яраш з сынам ганяюць галубоў; застолле, на якім Славік нахабна паводзіць сябе з запрошанай Машай і атрымлівае ад яе аплявуху; фізічнае пакаранне Шыковічам сына; заляцанне Гаецкай да Яраша ў бальніцы і інш. Заканчваецца раман таксама бытавымі сцэнамі: маці і Маша каля ложка траўміраванага Славіка і прымірэнне Яраша з жонкай, навагодняя вячэра. Такім чынам, пісьменнік глыбока цікавіўся асабістым лёсам герояў.
У рамане некалькі сюжэтных ліній. Галоўная — узаемаадносіны Шыковіча і Гукана, былых суаўтараў кнігі пра падполле, сяброў, а цяпер ворагаў. Не меншае значэнне мае сюжэтная лінія бацькоў і дзяцей: Славік Шыковіч імкнецца да незалежнасці, абараняе сваё ўласнае «я», здольны дзёрзка супрацьстаяць калектыву брыгады і бацьку.
Сюжэтная лінія Яраш — Зося Савіч звязвае сучаснае з мінулым, сведчыць пра імкненне сумленных людзей не астудзіць памяць пра ваенную навалу, дапамагчы тым, хто трапіў пад чорнае крыло трагічных падзей. Чаму Яраш згадзіўся зрабіць аперацыю на сэрцы Зосі Савіч? Таму што яна — кавалачак яго мінулага, ратавальніца, без якой, магчыма, яго ўжо і не было б. У сучаснасць гэту лінію выводзіць Кірыла Шыковіч, які канчаткова рэабілітуе Сцяпана Савіча — сумленнага чалавека, памочніка і сябра партызан.
Значную ролю ў творы адыгрывае любоўны канфлікт. Раман як жанр без падобнага канфлікту амаль не можа існаваць увогуле, а калісьці (у эпоху Сярэдневякоўя) менавіта інтымны, любоўны канфлікт у ім быў асноўным. У «Сэрцы на далоні» пакутуе ад кахання да Яраша медсястра Маша, а затым захапляецца яго прыёмным сынам Тарасам, адначасова інтрыгуючы крыху маладзейшага па ўзросце Славіка Шыковіча. Менавіта каханне да Машы стала прычынай аварыі, калі Славік ледзь не загінуў.
У канцы рамана дзяўчына стаіць на раздарожжы: яна не ведае, каму аддаць перавагу — ці правільнаму, сталаму ў прыняцці рашэнняў Тарасу, ці неўраўнаважанаму, аднак арыгінальнаму і няўрымсліваму, па-сапраўднаму закаханаму ў яе Славіку. Аўтар перадае пачуцці гераіні: «Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую віну. Увогуле ён быў маўклівы, непрыкметны сярод сяброў больш, чым хто другі, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля — сябе. Адчула смутак, нібы ёй трэба было развітацца з нечым вельмі дарагім і паехаць у невядомае».
Героі твора жывуць складаным штодзённым жыццём. У сям’і Шыковічаў, журналіста і настаўніцы, расце сын, стыляга і шалапут, шукальнік праўды на свой лад — шляхам пратэсту. Славік — поўная супрацьлегласць ціхмянай старэйшай дачцэ Ірыне. Сям’я Яраша таксама часта пакутуе ад стрэсаў: жонка хірурга Галіна Адамаўна без канца раўнуе яго то да ўрача Гаецкай, то да медсястры Машы, потым — да Зосі Савіч.
Жыццё сямейна-бытавое, грамадскае, палітычнае, яго глыбінны сэнс становяцца зместам рамана I. Шамякіна пра маральнае ўдасканаленне людзей, вечна прыгожую, расквечаную фарбамі сонца і зямлі прыроду. Вось, напрыклад, толькі адна пейзажная замалёўка — апісанне прырэчнага лугу з яго разнатраўем: «Каля лазнякоў... над негустым разнатраўем ужо ўзвышаліся мяцёлкі цімафееўкі і лісахвосту, кастрыцы і шчаўя. I толькі зязюліны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалі свае дробныя яркія кветкі. А там, ніжэй, усё яшчэ цвіло, кожная травінка; жоўтыя, чырвоныя, ліловыя, васількова-сінія, блакітныя кветкі, зліваючыся ў дзівосны вясёлкавы колер, закрывалі яркую зелень травы».