§ 9-1. Біялагічна актыўныя рэчывы: вітаміны, алкалоіды, антыбіётыкі
Якасная рэакцыя на аскарбінавую кіслату (вітамін С)
Заданне рэкамендуецца выконваць у школе. Будзьце асцярожныя пры рабоце з рэактывамі, выконвайце правілы тэхнікі бяспекі!
Аскарбінавая кіслата лёгка акісляецца. Прадукт яе акіслення — дэгідрааскарбінавая кіслата, далучаючы два атамы вадароду, зноў аднаўляецца да аскарбінавай кіслаты.
Якасная рэакцыя на вітамін С заснавана на тым, што ён пры акісленні, аднаўляе гексацыянаферат (III) калію K3[Fe(CN)6], вядомы пад назвай «чырвоная крывяная соль», да гексацыянаферату (II) калію — K4[Fe(CN)6]. Апошні, узаемадзейнічаючы з іонам Fe3+, утварае гексацыянаферат (II) жалеза — берлінскі лазурак Fe4[Fe(CN)6]3.
- Падрыхтуйце ўзоры для даследавання. Гэта могуць быць розныя фруктовыя сокі (яблычны, апельсінавы, грэйпфрутавы, лімонны і інш.), сокі, атрыманыя з капусты, бульбы ці іншай агародніны, выцяжка з пладоў шыпшыны і г. д.
- Перад аналізам развядзіце сокі вадой.
- Таксама ў якасці ўзораў падрыхтуйце пітную ці дыстыляваную ваду і раствор аскарбінавай кіслаты (яе можна набыць у аптэцы).
- Да ўзораў, якія даследуюцца, прыліце крыху раствору чырвонай крывяной солі.
- Перамяшайце змесціва, а потым дабаўце да кожнага ўзору некалькі кропель раствору FeCl3. У растворах, што змяшчаюць вітамін С, развіваецца сіне-зялёнае афарбоўванне з наступным выпадзеннем сіняга (ці сіне-зялёнага) асадку берлінскага лазурку.
● У якіх даследаваных вамі ўзорах была выяўлена аскарбінавая кіслата?
● Як вы думаеце, на чым заснаваны ўдзел вітаміну С у акісляльна-аднаўленчых працэсах у арганізме?