Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 3. Арганічныя рэчывы. Амінакіслоты. Алігапептыды

Нізкамалекулярныя і высокамалекулярныя арганічныя рэчывы. Неад’емным складальнікам усяго жывога з’яўляюцца арганічныя рэчывы, назва якіх паходзіць ад слова «арганізм». Гэтыя злучэнні забяспечва­юць працяканне найважнейшых працэсаў жыццядзейнасці, і жыццё на Зямлі без іх удзелу немагчыма. Арганічныя рэчывы складаюць у сярэднім 20—30 % масы жывых арганізмаў. Іх малекулы складаюцца, галоўным чынам, з атамаў вугляроду, вадароду і кіслароду. У састаў многіх біялагічна важных арганічных злучэнняў уваходзяць і іншыя элементы. Напрыклад, малекулы бялкоў таксама змяшчаюць азот і серу, нуклеінавыя кіслоты  — азот і фосфар.

Нізкамалекулярныя арганічныя рэчывы характарызуюцца параў­нальна невялікай малекулярнай масай і адносна простай будовай. Гэта амінакіслоты, монацукрыды, нуклеатыды, карбонавыя кіслоты, спірты і да т. п. Складаныя па структуры злучэнні, малекулярная маса якіх складае ад некалькіх тысяч да мільёнаў, называюць высокамалекулярнымі. Да іх належаць бялкі, поліцукрыды і нуклеінавыя кіслоты. Малекулы гэтых рэчываў складаюцца з мноства звёнаў, якія паўтараюцца, — манамераў. Манамеры могуць быць аднолькавымі ці адрознівацца па саставе. З курса хіміі вы ведаеце, што такія злучэнні называюцца палімерамі. Манамерамі бялкоў з’яўляюцца амінакіслоты, манамерамі поліцукрыдаў — монацукрыды, малекулы нуклеінавых кіслот пабудаваны з нуклеатыдаў  (мал. 3.1).

Бялкі, поліцукрыды і нуклеінавыя кіслоты змяшчаюцца ў клетках усіх жывых арганізмаў і выконваюць выключна важныя біялагічныя функцыі, таму іх называюць біялагічнымі палімерамі (біяпалімерамі).

*Палімеры, у састаў якіх уваходзяць аднолькавыя манамерныя звёны або розныя, але пры гэтым у іх чаргаванні назіраецца пэўная заканамернасць, называюцца рэгулярнымі. У структуры нерэгулярных палімераў падобная заканамернасць адсутнічае. Напрыклад, калі мы абазначым два тыпы манамераў літарамі А і Б, то палімеры, што маюць структуру ...А–А–А–А–А–А... ці ...А–Б–А–Б–А–Б... , будуць з'яўляцца рэгулярнымі. Сярод біяпалімераў сустракаюцца як рэгулярныя — поліцукрыды, так і нерэгулярныя — бялкі і нуклеінавыя кіслоты.

Акрамя палімераў існуюць таксама алігамеры. Іх малекулы ўтвораны параўнальна невялікай колькасцю манамераў — як правіла, да 10. Да гэтай групы належаць алігапептыды, алігацукрыды і алігануклеатыды (гл. мал. 3.1).*

З усіх груп арганічных рэчываў у клетках раслін пераважаюць поліцукрыды, а ў клетках жывёл — бялкі. Але нягледзячы на некаторыя адрозненні ў колькасных суадносінах тых ці іншых арганічных злучэнняў, рэчывы, якія належаць да пэўнай групы, ва ўсіх жывых арганізмаў выконваюць падобныя функцыі. Пры гэтым найбольшая разнастайнасць біялагічных функцый характэрна для бялкоў.