§ 37. Генатыпічная зменлівасць
Вылучаюць два віды генатыпічнай (спадчыннай) зменлівасці: камбінатыўную і мутацыйную.
Камбінатыўная зменлівасць. З курса біялогіі 10-га класа вам вядома, што для палавога размнажэння характэрна з’яўленне ў бацькоўскіх асобін разнастайнага патомства. Арганізмы новага пакалення адрозніваюцца як ад бацькоўскіх форм, так і адзін ад аднаго. Галоўная прычына гэтых адрозненняў заключаецца ў тым, што пры палавым размнажэнні кожны нашчадак наследуе ўнікальнае спалучэнне генаў сваіх бацькоў. Зменлівасць, абумоўленую ўзнікненнем у патомства новых спалучэнняў (камбінацый) бацькоўскіх генаў, называюць камбінатыўнай. Структура саміх генаў пры гэтым не змяняецца.
Крыніцамі камбінатыўнай зменлівасці з’яўляюцца наступныя працэсы.
● Кросінговер, які адбываецца ў прафазе I меёзу.
● Незалежнае разыходжанне гамалагічных храмасом у анафазе I меёзу і сястрынскіх храматыд (даччыных храмасом) у анафазе II.
● Выпадковае зліццё гамет пры апладненні.
Першыя два працэсы забяспечваюць фарміраванне гамет з рознымі камбінацыямі генаў. Выпадковае зліццё палавых клетак прыводзіць да ўтварэння зігот з рознымі спалучэннямі генаў абодвух бацькоў. У выніку ў патомства з’яўляюцца новыя камбінацыі бацькоўскіх прымет, а таксама новыя прыметы, якіх не было ў бацькоў.
Прыкладамі камбінатыўнай зменлівасці могуць служыць нараджэнне дзяцей з кроўю I ці IV групы ў гетэразіготных бацькоў, якія маюць кроў II і III груп, ці блакітнавокага дзіцяці ў каравокіх гетэразіготных бацькі і маці. Пры гэтым у нашчадкаў узнікаюць новыя прыметы, адрозныя ад бацькоўскіх. Яшчэ адным прыкладам можа быць з’яўленне мух з шэрым целам і зачаткавымі крыламі, з чорным целам і нармальнымі крыламі пры скрыжаванні дыгетэразіготнай дразафілы (шэрае цела, нармальныя крылы) з чорным самцом з зачаткавымі крыламі (гл. мал. 34.3). У дадзеным выпадку ў патомства ў выніку кросінговера з’яўляюцца новыя спалучэнні прымет бацькоў.
Такім чынам, камбінатыўная зменлівасць з’яўляецца важным пастаўшчыком разнастайнасці жывых арганізмаў.