Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 49. Прагрэс і рэгрэс у эвалюцыі. Шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу. Спосабы ажыццяўлення эвалюцыйнага працэсу

Прагрэс і рэгрэс у эвалюцыі. Як вы ўжо ведаеце, узнікненне надвідавых сістэматычных груп (родаў, сямействаў і г. д.) у ходзе гістарычнага развіцця жывой прыроды называюць макраэвалюцыяй*Гэты працэс працякае на аснове мікраэвалюцыі пад дзеяннем тых жа перадумоў і рухаючых сіл.*

Аналіз макраэвалюцыйных працэсаў паказвае, што развіццё арганічнага свету адбывалася ад ніжэйшых форм жыцця да вышэйшых, г. зн. ад прымітыўных арганізмаў да складанаарганізаваных. Аднак у сучасным свеце разам з арганізмамі, для якіх характэрны высокі ўзровень арганізацыі, такімі як млекакормячыя, птушкі, кветкавыя расліны і інш., шырока распаўсюджаны і параўнальна проста пабудаваныя, напрыклад бактэрыі і пратысты. У той жа час многія групы даволі высокаарганізаваных арганізмаў (зверазубыя яшчары, дыназаўры, насенныя папараці, рыніяфіты і г. д.) зніклі. Гэта дае аснову вылучыць два асноўныя напрамкі эвалюцыйнага працэсу — біялагічны прагрэс і біялагічны рэгрэс. *Вучэнне пра галоўныя напрамкі эвалюцыі і шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу распрацаваў рускі біёлаг А. М. Северцаў у 20-х гг. мінулага стагоддзя. У далейшым яно было развіта і дапоўнена іншымі даследчыкамі.*

Біялагічны прагрэс — напрамак эвалюцыі, які суправаджаецца павышэннем прыстасаванасці арганізмаў той ці іншай групы да ўмоў навакольнага асяроддзя. Вынікам гэтага з’яўляецца павелічэнне колькасці асобін відаў, якія ўваходзяць у састаў дадзенай сістэматычнай групы, іх рассяленне ў новыя месцапражыванні, што вядзе да пашырэння арэалаў і спрыяе відаўтварэнню. З часам на аснове ўтвораных відаў узнікаюць новыя роды, сямействы і г. д. Такім чынам, біялагічны прагрэс з’яўляецца вынікам эвалюцыйнага поспеху пэўных груп арганізмаў і вядзе гэтыя групы да росквіту.

Біялагічны рэгрэс, наадварот, характарызуецца зніжэннем прыстасаванасці арганізмаў пэўнай сістэматычнай групы да асяроддзя пражывання. Ён праяўляецца ў памяншэнні колькасці асобін, скарачэнні арэалаў і нават поўным знікненні відаў. Зніжэнне біялагічнай разнастайнасці ў межах той ці іншай сістэматычнай групы, якое назіраецца пры біялагічным рэгрэсе, нярэдка становіцца прычынай вымірання дадзенай групы арганізмаў.

Важна адзначыць, што ў сучасным свеце біялагічны прагрэс ці рэгрэс вызначаецца не толькі здольнасцю арганізмаў адаптавацца да змянення абіятычных і біятычных фактараў, але і да антрапагеннага ўздзеяння. Дзейнасць чалавека, звязаная як з прамым знішчэннем арганізмаў, так і з парушэннем асяроддзя іх пражывання, стала прычынай вымірання цэлага шэрага відаў. Многія віды, якія існуюць у цяперашні час, сталі рэдкімі ці знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Разам з тым чалавек з’яўляецца магутным фактарам, які абумоўлівае біялагічны прагрэс свойскай жывёлы, культурных раслін і ў той жа час пустазелля, шкоднікаў сельскай гаспадаркі і інш.

Трэба адрозніваць біялагічны прагрэс і рэгрэс ад морфафізіялагічнага прагрэсу і рэгрэсу. Морфафізіялагічны прагрэс — гэта павышэнне ўзроўню арганізацыі жывых арганізмаў у ходзе эвалюцыі, г. зн. прынцыповае ўскладненне іх будовы і працэсаў жыццядзейнасці. Пад морфафізіялагічным рэгрэсам разумеюць спрашчэнне арганізацыі жывых арганізмаў. Такая з’ява назіраецца, галоўным чынам, пры іх пераходзе да маларухомага ці сядзячага (у жывёл) або паразітычнага спосабу жыцця. Морфа­фізіялагічны прагрэс не заўсёды вядзе да біялагічнага: многія складана­арганізаваныя арганізмы ў ходзе эвалюцыі вымерлі ці зараз знаходзяцца на мяжы знікнення. Нельга гаварыць і пра тое, што морфафізіялагічны рэгрэс звязаны з біялагічным рэгрэсам. Наадварот, многія віды і больш буйныя сістэматычныя групы, якія ў ходзе эвалюцыі падвергліся спрашчэнню арганізацыі, на сённяшні дзень шырока распаўсюджаны.