Печатать эту главуПечатать эту главу

Уступ

Роля скорасці распаўсюджвання святла ў вакууме настолькі важная ў фізіцы і тэхніцы, а сучасныя метады яе вымярэння настолькі надзейныя, што ў 1983 г. было прынята рашэнне лічыць значэнне гэтай скорасці дакладным. Яно роўна с = 299  792  458. Вынікі эксперыментаў паказваюць, што з такой скорасцю распаўсюджваецца ў вакууме не толькі бачнае святло, але і любое электрамагнітнае выпраменьванне — ад радыёхваль да g-выпраменьвання.

Развіццё навукі і тэхнікі дазволіла фізікам ужо на мяжы
XIX—XX стст. правесці досыць дакладныя вымярэнні скорасці святла. Як аказалася, скорасць святла ў вакууме не залежыць ні ад скорасці руху прыёмніка святла, ні ад скорасці крыніцы, якая выпраменьвае
святло.
Гэтыя дзіўныя эксперыментальныя вынікі прывялі фізікаў да перагляду ўяўленняў аб уласцівасцях прасторы і часу. Была створана спецыяльная тэорыя адноснасці (СТА) — раздзел фізікі, у якім вывучаюцца ўласцівасці прасторы і часу, а таксама законы руху цел пры скарасцях, параўнальных са скорасцю святла.
Спецыяльная тэорыя адноснасці называецца таксама рэлятывісцкай тэорыяй (ад лац. relativus — адносны). З’явы, што адбываюцца пры скарасцях, параўнальных са скорасцю святла, велічыні, якія іх характарызуюць (скорасць, энергія, імпульс і г. д.), і законы гэтых з’яў таксама называюцца рэлятывісцкімі.
У паўсядзённым жыцці і практычна ва ўсіх тэхналогіях мы не сустракаемся з рэлятывісцкімі скарасцямі. Навошта ж вывучаць тэорыю адноснасці? Для гэтага ёсць шэраг прычын.

Па-першае, асноўную інфармацыю аб навакольным свеце мы атры­м­ліваем з дапамогай зроку, непасрэдна ўспрымаючы светлавое выпраменьванне. Такім чынам, «самы рэлятывісцкі» аб’ект прыроды — святло адыгрывае найважнейшую ролю ў жыцці кожнага чалавека.
Па-другое, як паказвае ўвесь назапашаны вопыт, скорасць святла ў вакууме мае фундаментальнае, вылучанае значэнне: ні адзін сігнал не можа распаўсюджвацца, ні адна часціца не можа рухацца хутчэй за святло.
Па-трэцяе, рэлятывісцкая тэорыя неабходна для тлумачэння з’яў у атамнай і ядзернай фізіцы, у фізіцы элементарных часціц. Без выкарыстання законаў СТА немагчыма стварэнне паскаральнікаў элементарных часціц, забеспячэнне сучаснай тэхналогіі GPS.
Па-чацвёртае, рэлятывісцкая тэорыя адыгрывае важную ролю ў вывучэнні Сусвету. Выяўлены галактыкі, якія рухаюцца з велізарнымі скарасцямі. Без рэлятывісцкай тэорыі нельга растлумачыць уласцівасці такіх астранамічных аб’ектаў, як «чорныя дзіркі», нейтронныя зоркі, пульсары.