Печатать эту главуПечатать эту главу

Раман «Людзі на балоце»

Традыцыі празаічнага эпасу. Наватарства. Мастацкі стыль пісьменніка

Стыль кожнага творцы ў нейкай ступені вызначаецца яго папярэднікамі.

Стыль пісьменніка (ад грэч. stуlos — ‘палачка для пісьма’) —
ідэйна-мастацкая своеасаблівасць творчасці. З’яўляючыся канкрэтным увасабленнем адзінства зместу і формы, рэалізуецца ў тым, пра што і як піша аўтар.

Вялікую ролю ў выпрацоўцы мастацкага стылю Івана Мележа адыграла яго творчая вучоба на лепшых узорах мастацкага  слова. Раннія творы пісьменніка  ўжо вызначаліся вернасцю жыццёвай праўдзе, глыбокім псіхалагічным аналізам чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці. З самага пачатку для тэкстаў Івана Паўлавіча былі характэрныя эпічная паўната і цэласнасць узнаўлення характараў і абставін. Гэта сведчыла, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны мастак, які глыбока разумее і любіць чалавека, здольны ярка паказаць яго ўнутраны свет. З часам  пашыраліся жанравыя рамкі твораў, а зварот да паказу жыцця любага Палесся надаў стылю аўтара рамана «Людзі на балоце» яшчэ большы лірызм. Асэнсаванне падзей прымусовай калектывізацыі напоўніла твор праўдзівым драматызмам.

Літаратурныя сувязі. Літаратурнымі настаўнікамі Івана Мележа былі Якуб Колас, Кузьма Чорны, Цішка Гартны, Леў Талстой, Міхаіл Шолахаў. Якуб Колас вабіў каларытнасцю мовы, уменнем раскрыць унутраны свет герояў, самабытнасцю апісання прыроды, побыту. Кузьма Чорны — майстэрствам псіхалагічнага аналізу. Цішка Гартны — здольнасцю паказаць чалавечы характар у працы.


Паўната, шматграннасць увасаблення тагачаснай рэчаіснасці ў яе сувязі з мінулым i будучым — вось што было мэтай Івана Мележа. Маштабнасць мыслення, веданне карэнных каштоўнасцей народнага жыцця складае стылёвую адметнасць яго твораў. На думку крытыка Серафіма Андраюка, «жыццё ў хроніцы ўспрымаецца як бы роўнае, тоеснае самому сабе, гэта значыць, жыццю рэальнаму».

Навукоўцы гавораць. «Іван Мележ — пісьменнік, які выпрацаваў свой уласны стыль, адметную манеру весці апавяданне. Яго фраза — ёмістая, ёй уласціва імкненне ахапіць матэрыяльнае, рэчыўнае багацце навакольнага свету, даць яго пластычны вобраз. Але ў той жа час гэтая фраза i музычная, яна вызначаецца багаццем інтанацый, адценняў, у ёй пераплятаюцца ўсе гамы эмацыянальнага спектра: гумар — з лірыкай, спакойная апавядальнасць — з патэтыкай» (Iван Навуменка).


Іван Мележ здолеў убачыць тое, чаго да яго не бачыў ніхто. Ён добра разумеў і перадаў паляшуцкую свядомасць, псіхалогію сваіх герояў. А ўвядзенне ў канву «Палескай хронікі» этнаграфічнага матэрыялу дало магчымасць мастаку дасканала ўзнавіць рэчаіснасць палескай вёскі 1920-х гадоў, адзначыць агульнае і акрэсліць тыя рысы характару, што робяць палешукоў адметнымі. Плённым аказаўся таксама зварот да фальклору, які выступае ў творы як адна са сфер жыцця народа.

Традыцыя (ад лац. traditio — ‘перадача’) —
перадача мастацкага вопыту з пакалення ў пакаленне, яго творчае праламленне ў гісторыі літаратуры.

Ідучы па ўжо традыцыйным шляху, Iван Мележ па-свойму імкнуўся не толькі паказаць драматызм таго, што адбывалася ў пераломны перыяд гісторыі народа, але i дайсці «да каранёў». Больш пільную ўвагу праявіў Іван Мележ да  ўнутранага свету селяніна-працаўніка, да сацыяльна-этычнай сутнасці чалавечых узаемаадносін. Напоўніўшы спрадвечную вясковую тэматыку палескім матэрыялам, Іван Мележ здолеў выказаць сваё слова пра чалавека на зямлі. Ён з сучасных яму пазіцый расказаў пра падзеі 1920-х гадоў, да асэнсавання якіх ужо звярталася літаратура.

Наватарства
развіццё пісьменнікам лепшых уласцівасцей творчай спадчыны, адкрыццё новых шляхоў у літаратуры, вынаходніцтва новых падыходаў, прыёмаў, сродкаў у вершатворчасці, якія замацуюцца і створаць новыя традыцыі.

Наватарства мастака выявілася ў тым, што ён засяродзіўся на драматызме для сялянства паспешлівай і гвалтоўнай калектывізацыі. 

З першых старонак твора Іван Мележ паказаў сябе не вучнем, а мастаком-сапернікам, які не баіцца будаваць «сваю грэблю». Гэта ўпэўненасць тлумачыцца не толькі глыбокім веданнем жыццёвага матэрыялу, але і пэўным адчуваннем часу. Аўтар гаварыў пра «Палескую хроніку» як пра «кнігу ў поўным сэнсе народную, кнігу, якая праслаўляла б народ, яго подзвіг, была б прасякнута вялікай павагай да яго і клопатам пра яго».

У Івана Мележа арганічна спалучаюцца жанр і хронікі, і рамана-эпапеі. Мы бачым не толькі падзеі гістарычнага значэння, адлюстраваныя ў храналагічнай паслядоўнасці (хроніка), але і лёс галоўных герояў у цеснай сувязі з лёсам усіх беларусаў, шматграннасць дачыненняў чалавека да жыцця (раман-эпапея, эпічны раман). 

Заслуга пісьменніка не толькі ў тым, што, паказваючы той суровы час, ён імкнуўся захаваць у творы непаўторны каларыт эпохі, але i ў тым — і гэта галоўнае, — што яго гістарызм спалучае праўдзівы паказ жыцця з усімі яго складанасцямі. Лёс герояў «Палескай хронікі » арганічна i непасрэдна звязваецца з рухам гісторыі, які пачынае ўздзейнічаць на ўсю мастацкую плынь твора, часта патрабуючы ад герояў глыбокага роздуму, прыняцця надзвычай адказных рашэнняў і здзяйснення адпаведных учынкаў.

«Палеская хроніка» прасякнута павагай да духоўных каштоўнасцей народа, яго працоўнай маралі, патрыятызму: не толькі асоба для гісторыі, але i гісторыя для асобы! Але, зразумела, i чалавек павінен адчуваць адказнасць перад часам i грамадствам — гэта таксама адна з важных думак пісьменніка.

«Палеская хроніка» застаецца ў найвышэйшай ступені актуальнай i сучаснай, бо пытанне аб прызначэнні чалавека i яго прыроды i сёння знаходзіцца на пярэднім плане. Іван Мележ прыходзіць да надзвычай важных ідэйных высноў аб жыцці ў грамадстве па гуманістычных законах.

Навукоўцы гавораць. «Мы звыкліся з думкаю, што пісьменнік “адлюстроўвае” свет. Але нагадаю яшчэ раз, што Вялікі пісьменнік не адлюстроўвае, а пераадольвае і перастварае рэчаіснасць» (Пятро Васючэнка).