Print this chapterPrint this chapter

Лірыка Пімена Панчанкі

* Верш «Мала сказаць: ненавiджу…»

Верш «Мала сказаць: ненавiджу…» (1976) раскрывае адну з творчых іпастасей сталага Пімена Панчанкі — паэт-змагар. Лірычны герой твора, вельмі блізкі асобе аўтара, бескампрамісны ў адносінах да чалавечых заган (крывадушнасці, хлусні, подласці, хамства, эгаізму). Проста даць ацэнку гэтым маральным хваробам для яго недастаткова: «Мала сказаць: ненавіджу, // Мала сказаць: прызнаю». Лірычны герой намераны «біцца за праўду», падобна салдату на вайне. Перадачы настрою садзейнічаюць лаканічнасць у словах, катэгарычнасць у меркаваннях, рэзкі «рублены» рытм: «Дрэннаму — не пакарыцца, // Добрае — не празяваць. // З дробнай хлуснёй не мірыцца, // З буйнай хлуснёй ваяваць».

Кальцавая кампазіцыя — паўтор радка «Нібы салдат у баю» ў першай і апошняй строфах — надае мастацкаму тэксту завершаны выгляд і выяўляе клопат аўтара пра дасканаласць паэтычнай формы.