Печатать эту главуПечатать эту главу

* Пятрусь Броўка. Паэма «Голас сэрца»

Паэма «Голас сэрца»

У гады вайны маці Петруся Броўкі Алена Сцяпанаўна разам з землякамі была вывезена з роднай вёскі Пуцілкавічы ў лагер смерці Асвенцім на тэрыторыі Польшчы, дзе ў 1943 годзе загінула. Яна свядома ахвяравала сабою, каб выратаваць 14-гадовую дзяўчынку з суседняй вёскі.

Паэма «Голас сэрца» (1960) прысвечана памяці маці Петруся Броўкі, знішчанай у Асвенціме. Наведванне ў 1947 годзе лагера смерці пакінула ў душы пісьменніка цяжкі след. З часам боль асірацелага сына не сцішваўся, а наадварот, патрабаваў увасаблення ў мастацкім слове: «Думаў я, пройдуць зімы і вёсны, // Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны, // Сэрца забудзе часіну цяжкую... // Боль не сціхае. Маўчаць не магу я!». Так узнікла паэма-маналог, у якой голас збалелага сэрца, асэнсаванне асабістай трагедыі ператвараюцца ў важкі і ўсхваляваны голас за мір ва ўсім све

Рэквіем —
твор, у якім паэтычна апяваюцца чалавечыя ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных супрацьстаяць злу; у ім спалучаюцца лірычна-прачула-журботны (або трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі 
(Паводле Аляксея Пяткевіча).

Цэнтральны ў паэме вобраз маці-паланянкі, які ствараецца праз уяўленне і ўспаміны сына. Матывы сыноўняга болю і бяды вызначаюць агульную танальнасць твора. Пятрусь Броўка з кінематаграфічнай дакладнасцю ўзнавіў карціны ўбачанага ў Асвенціме. У іх саміх па сабе закладзены вялікі патэнцыял эмацыянальнага ўздзеяння: баракі з ледзянымі шыбамі, мулкія нары, чорныя коміны, горы валасоў, састрыжаных з вязняў... Паэт настолькі пранікся жудаснай атмасферай лагера смерці, што, здаецца, пераносіўся ў мінулае і разам з маці праходзіў яе апошні шлях: бачыў матулю «ціхай, знявечанай і ледзяною» тады, калі ёй галілі галаву, выводзілі босай на прамерзлы пляц, закоўвалі рукі ў наручнікі; назіраў за ка́тамі і іх прыспешнікамі. Паглыбленне ў страшную рэальнасць дазваляла праўдзіва перадаць найвышэйшую ступень эмацыянальна-псіхалагічнага напружання чалавека, які апынуўся на месцы знішчэння мільёнаў мірных людзей («Маці, адна ты, а вас жа мільёны»). Балючы маналог сына, такім чынам, гучыць рэквіемам па ўсіх ахвярах вайны.

Памяці ахвяр вайны прысвечаны «Рэквіем» Максіма Танка, «Рэквіем па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага. Рэквіемам па сябрах, знішчаных у гады сталінскіх рэпрэсій, стала паэма Аркадзя Куляшова «Маналог».

«Поўнымі гора, пакуты вачыма» сын кліча самага дарагога чалавека ў наваколлях Асвенціма, але ў адказ даносіцца толькі завыванне ветру. І ўсё ж ён адчувае прысутнасць матулі — у прыродных з’явах, асацыятыўна суадносных з плачам: у пылінцы, «на якую азваўся слязою», у кветцы, што «слязой налілася».

Лірычны герой (тут ён амаль тоесны біяграфічнай асобе аўтара, бо праз яго раскрываецца рэальная драма Петруся Броўкі) неаднойчы звяртаецца да прыроды. Напрыклад, выкарыстоўвае фальклорна-песенны прыём увасаблення і «ачалавечвае» бэзавы куст, некалі пасаджаны маці каля роднай хаты: «Мне бэзавы куст як быццам гаворыць, // Як ты тут жыла у бядоце, у горы, // Як на світанні уранку ўставала, // На ўсход паглядала, нас ты чакала, // А мы былі дзесьці ў полымі бою. // Ты ж заставалася ў хаце адною». На расліну пераносіцца нявыказанае пачуццё любові і пяшчоты, чым падкрэсліваюцца адзінота і непазбыўны боль асірацелага сына.

Маці паказваецца не толькі ў зняволенні, але і ў даваенных паўсядзённых рэаліях, вясковай працы, шчыраванні на карысць дзяцей і сям’і. Са слоў былога партызана Ісая ў сына складваецца ўяўленне пра яе жыццё пад акупацыяй і дапамогу партызанам. Гэта дае падставы высока ацаніць уклад матулі і іншых простых беларускіх жанчын у агульную перамогу над ворагам, выказаць ідэю ўсенароднага змагання і супраціўлення захопнікам.