§ 28. Прызначэнне і асаблівасці чарцяжоў агульнага выгляду і зборачнага чарцяжа вырабу
Чарцёж агульнага выгляду
Ствараючы зборачную адзінку, распрацоўшчык, перш за ўсё, адлюстроўвае на паперы форму вырабу (эскіз). У працэсе ствараецца чарцёж агульнага выгляду, на якім усе дэталі адлюстраваны ва ўзаемнай сувязі і паказана форма ўсіх элементаў. Па чарцяжы агульнага выгляду складаецца канструктарская дакументацыя: рабочыя чарцяжы дэталей, зборачныя чарцяжы, спецыфікацыя. Усе гэтыя дакументы афармляюцца па правілах стандартаў АСКД.
Чарцёж агульнага выгляду павінен змяшчаць: відарысы вырабу (выгляды, разрэзы, сячэнні), нумары пазіцый састаўных частак вырабу, тэкставую частку і надпісы, неабходныя для разумення канструктыўнай будовы вырабу, памеры, тэхнічную характарыстыку вырабу.
Чарцёж агульнага выгляду зборачнай адзінкі — дакумент, які вызначае канструкцыю вырабу, узаемадзеянне яго асноўных састаўных частак і тлумачальны прынцып работы вырабу (рыс. 96).
На галоўным відарысе чарцяжа агульнага выгляду выраб звычайна паказваюць у рабочым становішчы. Асноўныя відарысы вырабу размяшчаюць у праекцыйнай сувязі адносна галоўнага. У асобных выпадках для больш рацыянальнага выкарыстання поля чарцяжа частку іх змяшчаюць на свабодным полі і адзначаюць адпаведнымі надпісамі, якія паказваюць напрамак погляду.
Відарысы на чарцяжы агульнага выгляду выконваюцца са спрашчэннямі. Дробныя канструктыўныя элементы, выкарыстоўваючы дадатковыя выгляды, сячэнні або вынасные элементы, выконваюць у павялічаным маштабе.
Колькасць відарысаў павінна быць найменшай, але дастатковай, каб па іх можна было адназначна вызначыць форму і памеры ўсіх дэталей, якія ўваходзяць у зборачную адзінку. На чарцяжы агульнага выгляду састаўныя часткі вырабу паказваюць у табліцы, змешчанай на чарцяжы над асноўным надпісам чарцяжа, і нумаруюць. Гэтыя нумары называюць пазіцыямі (гл. рыс. 96). У табліцы кожнай дэталі зборачнай адзінкі прысвойваецца нумар пазіцыі. Гэтыя нумары павінны адпавядаць нумарам на полках-вынасках на відарысах.
Лініі-вынаскі праводзяць на тым відарысе, дзе дадзеная састаўная частка прадстаўлена найбольш наглядна. Лініі-вынаскі выконваюцца тонкімі суцэльнымі лініямі і заканчваюцца пунктамі на відарысе дэталі. Па магчымасці яны не павінны перасякацца з размернымі і вынаснымі лініямі. Нумары пазіцый размяшчаюць на полцы лініі-вынаскі паралельна асноўнаму надпісу чарцяжа па-за контурам відарыса. Каб лягчэй было знаходзіць нумары пазіцый, полкі групуюць у радок ці слупок на адной лініі.
Нумарацыю дэталей канструкцыі пачынаюць з яго асноўнай дэталі (корпуса, асновы, шасі і да т. п.). Звесткі пра вырабы запісваюцца ў наступным парадку: стандартныя вырабы, новыя распрацаваныя вырабы.
Нумар пазіцыі наносяць на чарцяжы адзін раз. Калі ў канструкцыі змяшчаецца некалькі аднолькавых дэталей, то лініяй-вынаскай і нумарам пазіцыі адзначаюць толькі адну з іх, а колькасць такіх дэталей паказваюць у табліцы састаўных частак прылады ў адпаведнай графе.
Пасля таго як выкананы чарцёж агульнага выгляду, прыступаюць да распрацоўкі рабочых чарцяжоў кожнай дэталі і зборачных чарцяжоў.