Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 27. Выкананне эскіза дэталі

Агульныя патрабаванні да эскізаў.

Дэталі выконваюць па чарцяжах. Канструктар пры складанні чарцяжоў звычайна не мае ні гатовых дэталей, ні наглядных відарысаў. Гэтыя дэталі ён канструюе, адлюстроўваючы на паперы ў першую чаргу іх форму. У працэсе канструявання якога-небудзь вырабу спачатку распрацоўваюць эскіз, які дае агульнае ўяўленне пра будову і прынцып работы вырабу, што праектуецца (рыс. 94). Звычайна эскіз служыць асновай для пабудовы рабочага чарцяжа вырабу. Часам дэталь можна вырабіць па эскізе, напрыклад пры рамонце абсталявання, калі неабходна замест зломанай дэталі вырабіць новую. У гэтым выпадку з натуральнай дэталі здыма-юць памеры для выканання эскіза.
Як вам ужо вядома, эскіз — гэта чарцёж, выкананы, як правіла, ад рукі (без ужывання чарцёжных інструментаў), з захаваннем прапорцый элементаў дэталі, а таксама ў адпаведнасці з усімі правіламі і ўмоўнасцямі, вызначанымі стандартамі (рыс. 94).

Прааналізуйце відарысы на рысунку а і б. Вызначыце, дзе адлюстраваны чарцёж, а дзе — эскіз вырабу. Устанавіце іх падабенства і адрозненне.

Правілы выканання эскізаў

  • Эскізы павінны быць выкананы ў адпаведнасці са Стандартамі АСКД на чарцяжы.
  • Лініі на эскізе павінны быць роўнымі і выразнымі. Надпісы выконваюцца чарцёжным шрыфтам.
  • Выконваюць эскізы звычайна на паперы ў клетку. Сетка паперы дапамагае хутчэй праводзіць гарызантальныя і вертыкальныя лініі ад рукі, выконваць праекцыйную сувязь паміж выглядамі.
  • Акружнасці і іх дугі трэба праводзіць тонкімі лініямі цыркулем з далейшай абводкай ад рукі.

Паслядоўнасць выканання эскіза. Прыступаючы да выканання эскіза, трэба захоўваць наступную паслядоўнасць:

 

1. Уважліва разгледзьце дэталь, прааналізуйце яе форму і форму асобных яе частак. Дэталь рэкамендуецца разглядаць як сукупнасць простых геаметрычных цел.
2. Вызначыце неабходную колькасць выглядаў для поўнага выяўлення формы і памераў дэталі.

Памятайце! Колькасць выглядаў павінна быць найменшай, але забяспечваць поўнае ўяўленне пра дэталь. Выберыце галоўны выгляд дэталі.

3. Начарціце рамку поля чарцяжа і рамку асноўнага надпісу. Вызначыце кампаноўку і становішча выглядаў відарыса/

4. Вылучыце на лісце адпаведную плошчу ў выглядзе прамавугольніка для кожнага выгляду відарыса. Правядзіце восевыя лініi.

5. Вызначыўшы на вока суадносіны памераў, нанясіце на выглядах знешнія (бачныя) контуры дэталі. Нанясіце нябачныя часткі і дробныя элементы дэталі/

6. Нанясіце вынасныя і размерныя лініі. Абвядзіце лініі контуру суцэльнай тоўстай асноўнай лініяй/

7. Абмерайце дэталь, нанясіце размерныя лікі.

8.  Запоўніце асноўны надпіс (назву дэталі і матэрыял, з якога яна выраблена).

Тэхнічныя вымярэнні з’яўляюцца адной з самых важных асноў вытворчасці. Ні адна тэхнічная аперацыя не выконваецца без вымярэння памераў. Таму ў залежнасці ад дакладнасці вымярэнняў ужываюцца адпаведна і вымяральныя інструменты, найбольш ужываемыя з якіх: лінейка стальная, кpонцыpкуль, нутpамеp, штангенцыркуль, мікpаметp, вугламер, pадыусамеp і pазьбамеp.