Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 25. Адлюстраванне і абазначэнне разьбы

Уступ

Шмат якія вырабы складаюцца з дзвюх і больш дэталей, злучаных паміж сабой пэўным чынам. Найбольш распаўсюджанымі злучэннямі дэталей з’яўляюцца разьбовыя. Дэталі злучаюць з дапамогай разьбы, утворанай на іх паверхнях, а таксама з дапамогай крапежных дэталей, якія маюць разьбу (рыс. 84).

Разьба ўяўляе сабой сукупнасць вінтавых выступаў і ўпадзін, нанесеных па вінтавой лініі на ўнутраную і знешнюю бакавую паверхню некаторых цел вярчэння.

Утвараецца разьба наступным чынам. Пры вярчэнні патрона такарнага станка раўнамерна верціцца і замацаваны на ім стрыжань. Падведзены да паверхні стрыжня разец пры раўнамерным руху ўздоўж восі стрыжня прачэрціць на яго паверхні вінтавую лінію. Калі яго паглыбіць у загатоўку, якая раўнамерна верціцца, то на яе паверхні ўтворыцца вінтавая канаўка — разьба (рыс. 85). Фігура сячэння вінтавой канаўкі і выступу разьбы плоскасцю, якая праходзіць праз вось разьбы, называецца профілем разьбы.
У залежнасці ад размяшчэння разьбы на паверхні стрыжня ці адтуліны яна бывае вонкавай ці ўнутранай. У разьбовым злучэнні вонкавая разьба наносіцца на болт, вінт і інш. Унутраная разьба наносіцца на паверхню адтуліны ў гайцы, гняздзе і інш.