§ 11. Праецыраванне формы прадмета. Прамавугольнае праецыраванне на адну плоскасць праекцый
Прамавугольнае праецыраванне на адну плоскасць праекцый
Праецыраванне пункта. Разгледзім праецыраванне пункта на адну плоскасць праекцый. Праз
пункт А на плоскасць Н праведзены праецыруючы
прамень. У выніку перасячэння праецыруючага праменя з плоскасцю Н атрымана праекцыя пункта А — а.
Умовы:
1. Праекцыя пункта на выбраную плоскасць праекцый заўсёды ёсць пункт.
2. Любы пункт, які праецыруецца, мае толькі адну праекцыю на выбранай плоскасці праекцый.
3. Праекцыя пункта, які ляжыць на плоскасці праекцый, супадае з самім пунктам.
Праілюструйце ўмовы праецыравання пункта на плоскасць праекцый.
Праецыраванне адрэзка. Становішча адрэзка прамой лініі ў прасторы вызначаецца становішчам двух яе пунктаў. Таму для пабудовы праекцый адрэзка прамой дастаткова пабудаваць праекцыі двух пунктаў, якія належаць ёй, і злучыць іх паміж сабой.
Умовы:
1. Праекцыя адрэзка прамой, атрыманая пры прамавугольным праецыраванні на плоскасць праекцый, не можа быць большай за сам адрэзак.
2. Калі адрэзак прамой паралельны плоскасці праекцый, то на яе ён спраецыруецца ў натуральную велічыню.
3. Калі адрэзак прамой перпендыкулярны плоскасці праекцый, то на яе ён спраецыруецца ў пункт а(b).
4. Калі ў прасторы адрэзак прамой нахілены да плоскасці праекцый, то на яе ён спраецыруецца са скажэннем (г. зн. памер праекцыі адрэзка будзе меншым за сапраўдны).
Адрэзак прамой праецыруецца на плоскасць у выглядзе пункта. Вызначыце яго становішча ў адносінах да дадзенай плоскасці праекцыі.
Праецыраванне плоскага прадмета. Праецыраваннем на адну плоскасць праекцый атрымліваюць праекцыі плоскіх прадметаў. Каб атрымаць праекцыю прадмета, яго размяшчаюць паралельна плоскасці праекцый і праз усе яго вяршыні праводзяць мысленна праецыруючыя прамені ў напрамку да плоскасці праекцыі да перасячэння з ёй.
Выкарыстоўваючы рысунак, сфармулюйце прынцып праецыравання прадмета на плос-
касць праекцый.
Умовы:
1. Прадмет, які праецыруецца, заўсёды размяшчаецца паралельна плоскасці праекцый.
2. Праецыруючыя прамені, якія праходзяць праз вяршыні прадмета, заўсёды перпендыкулярныя плоскасці праекцыі.