Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 1. Віды графічных відарысаў

Віды графічных відарысаў

Відарысы спадарожнічалі чалавеку на ўсіх этапах яго гістарычнага развіцця. Яшчэ ў глыбокай старажытнасці людзі навучыліся адлюстроўваць розных жывёл, прадметы быту, працы, палявання. Яркі прыклад такіх відарысаў — наскальныя рысункі сцэн палявання (рыс. 1).

Выкарыстоўваючы рысунак 1, раскажыце, на якім матэрыяле і якімі інструментамі выкананы гэты відарыс. Прывядзіце прыклады відаў насценнага роспісу. Якую інфармацыю перадавалі гэтыя відарысы? 

Патрэбнасць людзей у перадачы адзін аднаму інфармацыі прывяла да з’яўлення графічнай мовы. З яе дапамогай стала магчымым перадаваць і захоўваць інфармацыю выяўленчымі і знакавымі сродкамі — рысункамі, сімваламі, піктаграмамі, лічбамі, літарамі і інш.
Рысункі і піктаграмы як сродкі зносін паміж людзьмі з’явіліся задоўга да стварэння пісьменства. Піктаграма — адзін з першых відаў пісьма ў выглядзе знакаў, якія схематычна адлюстроўваюць самыя важныя пазнавальныя рысы аб’екта, прадмета ці з’явы. Менавіта ў рысунках і піктаграмах бярэ пачатак, зараджаецца і фарміруецца графічная мова.
Графічная мова цяпер з’яўляецца мовай дзелавых міжнародных зносін, паколькі яе выяўленчую і знакавую сістэму складаюць графічныя відарысы. У сучасным жыцці чалавек сутыкаецца з разнастайнымі графічнымі відарысамі: рысункамі, чарцяжамі, схемамі, планамі, картамі, графікамі, лагатыпамі, інфаграфікай і інш. (рыс. 2). Яны выкарыстоўваюцца ў розных сферах яго жыццядзейнасці.


  Назавіце прадстаўленыя на рысунку 2 віды графічных відарысаў і прывядзіце яшчэ прыклады графічных відарысаў, з якімі вы пазнаёміліся, вывучаючы іншыя вучэбныя прадметы.

З дапамогай рысункаў ці фатаграфій можна адлюстраваць усе навакольныя прадметы, машыны, будынкі і збудаванні такімі, якімі мы іх звычайна бачым. У чарчэнні графічныя відарысы прызначаны для перадачы геаметрычнай, тэхнічнай і тэхналагічнай інфармацыі пра які-нeбудзь прадмет ці выраб. Да такіх відаў відарысаў належаць тэхнічныя рысункі, эскізы, чарцяжы, зборачныя чарцяжы, разгорткі, архітэктурна-будаўнічыя і тапаграфічныя чарцяжы, схемы і інш.
Разгледзім асноўныя віды відарысаў. Прасторавыя формы прадметаў на паперы можна адлюстраваць у выглядзе тэхнічнага рысунка, эскіза ці чарцяжа. Тэхнічным рысункам карыстаюцца ў тых выпадках, калі неабходна хутка паясніць форму разглядаемага прадмета, паказаць яго наглядна.


Тэхнічны рысунак — гэта наглядны відарыс аб’екта, які выкананы ад рукі, на вока, з захаваннем яго канструктыўнай формы і прапорцый (рыс. 3).

Эскізы прызначаны для часовага ці разавага выкарыстання. Па эскізах могуць стварацца розныя вырабы ў доследнай вытворчасці, пры рамонце.

Эскіз — чарцёж, выкананы, як правіла, ад рукі (без ужывання чарцёжных інструментаў), з захаваннем прапорцый элементаў дэталі, а таксама ў адпаведнасці з усімі правіламі і ўмоўнасцямі, вызначанымі стандартамі (рыс. 4).


Па эскізах і тэхнічных рысунках можна судзіць пра геаметрычную форму дэталі. Такі відарыс наглядны, аднак ён не можа даць поўнага ўяўлення пра ўнутраную форму і сапраўдныя памеры прадмета. Таму пры вытворчасці вырабаў ужываюць іншы, больш дакладны спосаб адлюстравання — чарцёж. Чарцяжы з’яўляюцца асноўнымі графічнымі дакументамі для стварэння розных вырабаў на вытворчасці.


Чарцёж — адзін з відаў канструктарскіх дакументаў, які змяшчае відарыс вырабу, што вызначае яго канструкцыю, узаемадзеянне складаных частак і іншыя даныя, якія неабходны для вырабу, кантролю, мантажу, эксплуатацыі і рамонту вырабу (рыс. 5).

Для зборкі гатовых вырабаў, якія складаюцца з некалькіх дэталей, карыстаюцца зборачным чарцяжом

 Зборачны чарцёж - канструктарскі дакумент, які змяшчае малюнак зборачнай адзінкі і іншыя дадзеныя, неабходныя для яе зборкі (вырабу) і кантролю (рыс. 6)

Таксама для стварэння вырабаў выкарыстоўваюць чарцяжы разгортак — відарыс паверхні прадмета, па асаблівых правілах сумешчаны з плоскасцю, разгорнуты на плоскасць (рыс. 7). 

Акрамя чарцяжоў, на вытворчасці выкарыстоўваюць схемы для вызначэння прынцыпу дзеяння розных устройстваў.

              

 

  Схема — канструктарскі дакумент, дзе паказаны ў выглядзе ўмоўных відарысаў ці абазначэнняў складаныя часткі вырабу і сувязі паміж імі (рыс. 8).


Пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў карыстаюцца архітэктурна-будаўнічымі чарцяжамі (рыс. 9), у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, ваеннай справе выкарыстоўва-юць тапаграфічныя карты, на якіх адлюстраваны рэльеф мясцовасці, нанесены населеныя пункты, дарожная сетка, розныя аб’екты (рыс. 10).

         

Каб графічныя, канструктарскія дакументы (чарцяжы, карты, схемы і інш.) былі зразумелы ўсім спецыялістам, іх неабходна выконваць па пэўных правілах. Правілы выканання і афармлення графічных дакументаў адлюстроўваюцца ў дзяржаўных стандартах (ДАСТах), якія аб’яднаны ў Адзіную сістэму канструктарскай дакументацыі (АСКД) і выкарыстоўваюцца ва ўсіх сферах вытворчасці, навуковых, навучальных арганізацыях. Стандарты перыядычна правяраюцца, пераглядаюцца і абнаўляюцца.


Адзіная сістэма канструктарскай дакументацыі (АСКД) — комплекс стандартаў, якія ўстанаўліваюць правілы, патрабаванні і нормы па распрацоўцы, афармленні і абарачэнні канструктарскай дакументацыі (пры праектаванні, вырабе, кантролі, прыёмцы, эксплуатацыі, рамонце, утылізацыі вырабу).

Адзіная сістэма канструктарскай дакументацыі (АСКД) — комплекс стандартаў, якія ўстанаўліваюць правілы, патрабаванні і нормы па распрацоўцы, афармленні і абарачэнні канструктарскай дакументацыі (пры праектаванні, вырабе, кантролі, прыёмцы, эксплуатацыі, рамонце, утылізацыі вырабу).