§ 18. Дзяржава і эканоміка
Беспрацоўе, яго формы, эканамічныя і сацыяльныя наступствы. Яшчэ адным напрамкам дзяржаўнага рэгулявання эканомікі з’яўляецца барацьба з беспрацоўем. Беспрацоўе — гэта сацыяльна-эканамічная з’ява, пры якой частка эканамічна актыўнага насельніцтва не можа працаўладкавацца.
Як вы лічыце, якія віды беспрацоўя эканамісты называюць натуральным беспрацоўем (гэта значыць, што яны з’яўляюцца нармальным станам для эканомікі і пазбавіцца іх немагчыма)?
Якое беспрацоўе сведчыць пра сур’ёзныя праблемы ў эканоміцы і патрабуе ўмяшання дзяржавы і прыняцця антыкрызісных мер?
Аргументуйце свой пункт погляду.
Беспрацоўе для чалавека і членаў яго сям’і — гэта вялікая праблема. Адсутнасць крыніцы даходаў прыводзіць да пагаршэння эканамічнага становішча сям’і, крызісу ў адносінах, сацыяльнай напружанасці ў грамадстве. Беспрацоўным, як правіла, пагражае страта кваліфікацыі, сацыяльнага статусу і зніжэнне жыццёвага ўзроўню.
Для рэгулявання рынку працы і змяншэння неспрыяльнага ўздзеяння беспрацоўя на эканоміку, сацыяльную сферу дзяржава імкнецца ажыццяўляць шэраг мер па стымуляванні занятасці насельніцтва.
Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэб, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.
Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэб, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам.
Пасіўная палітыка занятасці ўключае меры, накіраваныя на згладжванне негатыўных наступстваў беспрацоўя: выплату дапамогі па беспрацоўі, прадастаўленне магчымасці знайсці новае працоўнае месца праз дзяржаўныя органы па пытаннях занятасці.
Актыўная палітыка занятасці распаўсюджваецца на эканамічна актыўнае насельніцтва і носіць папераджальны характар, накіраваны на зніжэнне беспрацоўя да яго мінімальнага (натуральнага) узроўню.
Асноўнымі інструментамі такой палітыкі з’яўляюцца прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка кадраў, грамадскія работы і арганізацыя часовай занятасці, стымуляванне стварэння новых працоўных месцаў, садзейнічанне развіццю малога бізнесу і самастойнай занятасці, прадастаўленне падатковых ільгот і развіццё прадпрымальніцтва.
Сусветная практыка рэгулявання працоўных адносін сведчыць, што асобны работнік з’яўляецца найбольш слабым і ўразлівым юрыдычным суб’ектам, таму заканадаўства павінна забяспечваць большую ступень яго абароненасці. Фарміраванне палітыкі занятасці павінна спрыяць хуткаму вяртанню грамадзян, што страцілі работу, у сферу занятасці.