§ 16. Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы
Менеджмент. Цэнтральнай праблемай у эканоміцы з’яўляецца праблема эфектыўнага размеркавання і выкарыстання абмежаваных рэсурсаў з мэтай максімальнага задавальнення патрэб людзей, іншымі словамі, праблема эканамічнай эфектыўнасці. Эканамічная эфектыўнасць — гэта суадносіны атрыманага выніку з затрачанымі выдаткамі. Большая колькасць прадуктаў, вырабленых дзякуючы дадзенаму аб’ёму рэсурсаў і, як вынік, рост прыбытку значаць і большую эфектыўнасць. Сутнасць эканамічнай арганізацыі вытворчасці якраз і заключаецца ў тым, каб гэта арганізацыя была эфектыўнай.
Сукупнасць сучасных прынцыпаў, метадаў, сродкаў і форм кіравання, якія маюць на мэце павышэнне эфектыўнасці працы прадпрыемства, называецца менеджмент (англ. management — кіраванне, сістэма кіравання).
Менеджмент накіраваны на эфектыўнае планаванне дзейнасці прадпрыемства, яе непасрэдную арганізацыю і кантроль за яе ажыццяўленнем. Эфектыўнае кіраванне мае на ўвазе адказы на пытанні: хто кіруе, з дапамогай якіх механізмаў і якімі метадамі? Менеджары розных узроўняў каардынуюць выкарыстанне ўсіх рэсурсаў прадпрыемства, выбіраюць разнастайныя метады і сродкі для ўзмацнення матывацыі работнікаў да рашэння агульнай задачы. Як правіла, мае месца спалучэнне такіх метадаў, як матэрыяльнае стымуляванне (надбаўкі, прэміі), адміністрацыйныя ўздзеянні (загады, інструкцыі), сацыяльна-псіхалагічныя метады (фарміраванне спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату, абвяшчэнне падзяк, прадстаўленне да ўзнагарод і да т. п.).
Адным з першых палажэнні тэорыі менеджменту на практыцы прымяніў амерыканскі прамысловец Генры Форд.