Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 16. Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы

Віды канкурэнцыі. Вылучаюць розныя віды канкурэнцыі.

img

Цэнавая канкурэнцыя мае на ўвазе саперніцтва вытворцаў за кошт прымальнай для пакупніка цаны, а няцэнавая — за кошт дасягнення больш высокай якасці, афармлення, упакоўкі і рэкламы тавару, пасляпродажнага тэхнічнага абслугоўвання і да т. п.

Унутрыгаліновая канкурэнцыя разгортваецца паміж прадпрыемствамі адной галіны (напрыклад, вытворцамі аўтамабіляў), а міжгаліновая мае на ўвазе саперніцтва паміж прадпрыемствамі розных галін (напрыклад, паміж чыгуначнымі і авіякампаніямі за пасажыраў).

Па ступені свабоды вылучаюць дзве асноўныя мадэлі сучаснага рынку — рынак дасканалай і недасканалай канкурэнцыі. Існуе шэраг ключавых фактараў, паводле якіх іх адрозніваюць: колькасць фірм і іх памеры; тып прадукту; умовы ўваходжання на рынак; спецыфіка фарміравання цаны; даступнасць інфармацыі, тэхналогій.

Дасканалая канкурэнцыя — гэта сітуацыя на рынку, дзе дзейнічае вялікая колькасць прадаўцоў, якія прапануюць аднародную прадукцыю і не маюць магчымасці ўплываць на рыначную цану. Бар’еры для ўваходжання на рынак дадзенай прадукцыі адсутнічаюць. У выніку рыначныя паводзіны прадаўцоў і пакупнікоў заключаюцца ў прыстасаванні да існуючых рыначных умоў. Аднак у рэальнасці знайсці дасканалую канкурэнцыю ў чыстым выглядзе даволі цяжка. Да такіх звычайна адносяць рынкі сельскагаспадарчых прадуктаў, некаторых паслуг.

Выканаць усе ўмовы для існавання дасканалай канкурэнцыі даволі складана, таму найбольш распаўсюджанай формай канкурэнцыі з’яўляецца недасканалая, якая праяўляецца ў наступных відах: манапалістычная канкурэнцыя, алігаполія, манаполія.

img

На рынку манапалістычнай канкурэнцыі, дзе дзейнічае мноства прадаўцоў падобнай прадукцыі, вельмі важная роля рэкламы, гандлёвых марак і знакаў. На такім рынку кожны з прадаўцоў імкнецца пераканаць пакупніка ва ўнікальнасці і непераўзыдзенай якасці свайго тавару, актыўна выкарыстоўваючы метады няцэнавай канкурэнцыі. Для пакупніка тавар нават адной гандлёвай маркі можа быць дыферэнцыраваны, паколькі гэта залежыць ад размяшчэння магазіна, ветлівасці і прывабнасці прадаўца.

icon-discussions
Што значаць прыведзеныя сімвалы? Чаму патэнты, аўтарскія правы і таварныя знакі можна разглядаць як сродкі манапалізацыі?

Алігаполія (ад грэч. ὀλίγος — нямногі, нешматлікі і πωλέω — прадаю) — гэта такі рынак, на якім пануюць некалькі (звычайна ад 2 да 5) буйных вядомых фірм. Уваходжанне новых вытворцаў вельмі ўскладнена. У якасці бар’ераў выступаюць або заканадаўчыя абмежаванні, або неабходнасць у пачатковым капітале вялікіх памераў. Часцей за ўсё алігаполіі можна назіраць у такіх галінах, як металургічная, нафтавая і газавая прамысловасць, авіябудаўніцтва, аўтамабілебудаўніцтва, сферы высокіх тэхналогій.

Манаполія — гэта выключнае права вытворчасці, гандлю і іншых відаў дзейнасці, якое належыць адной фізічнай асобе, пэўнай групе асоб, кампаніі, арганізацыі ці дзяржаве. Манапольнае права дазваляе навязваць пакупнікам выгадныя для манапаліста ўмовы ўзаемаадносін. Пры манаполіі на рынку існуе толькі адзін прадавец тавару, які ўстанаўлівае сваю цану. У чыстым выглядзе манаполія сустракаецца рэдка. Гэта адбываецца таму, што ў большасці краін утварэнню манаполій перашкаджае антыманапольнае заканадаўства.

icon-search
Вызначце на аснове выявы і Дзяржаўнага рэестра натуральных манаполій, прадстаўленага на сайце https://mart.gov.by, што ўяўляе сабой натуральная манаполія. У якіх галінах яе існаванне апраўдана?