§ 13. Уласнасць і даходы
Асноўныя формы ўласнасці. Форма ўласнасці залежыць ад таго, хто з’яўляецца суб’ектам яе прысваення. У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь зафіксаваны дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Прыватная ўласнасць мае на ўвазе прысваенне даброт (ці правоў уласнасці) адзінкавай асобай або групай асоб. Яна прадстаўлена асабістай і індывідуальнай прыватнай уласнасцю, а таксама калектыўнай (акцыянернай і кааператыўнай) уласнасцю.
Паводле характару накаплення прыватная ўласнасць можа быць працоўная і непрацоўная. Працоўная ўласнасць фарміруецца за кошт заработнай платы наёмных работнікаў, даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці. Непрацоўная ўласнасць ствараецца за кошт атрымання маёмасці ў спадчыну ці ў выніку дарэння, даходаў ад каштоўных папер, укладаў у банку і г. д.
Разам з прыватнай уласнасцю існуе дзяржаўная ўласнасць — гэта ўласнасць грамадства (народа) у цэлым, якой валодае і распараджаецца дзяржава, а вынікі выкарыстоўваюць усе людзі. Дзяржаўная ўласнасць распаўсюджваецца на асноўныя прыродныя багацці, а таксама на тыя аб’екты, якія служаць здзяйсненню мэт, што стаяць перад дзяржавай. Яна пераважае ў галінах, якія маюць агульнаэканамічнае значэнне, паколькі неабходны грамадству ў цэлым і, у тым ліку, патрабуюць вялікіх затрат.
Акрамя таго, магчыма аб’яднанне маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці розных эканамічных суб’ектаў, і ўтварэнне на гэтай аснове змешаных формаў уласнасці, у тым ліку ўласнасці сумесных прадпрыемстваў — прадпрыемстваў з замежным капіталам.
У дзяржавах, якія маюць федэратыўнае ўладкаванне, існуе федэральная ўласнасць і ўласнасць суб’ектаў федэрацыі. Ва ўнітарных дзяржавах існуе агульнадзяржаўная ўласнасць і ўласнасць камунальная, якой распараджаюцца органы мясцовага кіравання і самакіравання адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (такіх як вобласці, раёны, гарады, сельсаветы і пасёлкі гарадскога тыпу).
Разнастайнасць форм уласнасці фарміруецца ў ходзе працэсаў раздзяржаўлення і прыватызацыі. Раздзяржаўленне эканомікі — гэта працэс змяншэння ролі дзяржавы ў непасрэдным кіраванні эканамічнымі аб’ектамі. Ён ажыццяўляецца пры дапамозе разнастайных механізмаў, у тым ліку шляхам прыватызацыі. Прыватызацыя ўяўляе сабой перадачу аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці (у выніку продажу або бязвыплатна) у прыватную ўласнасць. Напрыклад, дзяржаўныя прадпрыемствы могуць быць прададзены на аўкцыёне, удзельнікамі якога могуць стаць прыватныя асобы ці іх аб’яднанні, у тым ліку замежныя інвестары.