Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 7. Дзяржава ў палітычнай сістэме

Форма дзяржавы. Для вызначэння сутнасці дзяржавы вялікае значэнне мае такое паняцце, як форма дзяржавы. Форма дзяржавы вызначаецца як адзінства форм кіравання, тэрытарыяльнага ўладкавання і палітычнага рэжыму.

img

Форма праўлення характарызуе арганізацыю дзяржаўнай улады, структуру і парадак узаемаадносін вышэйшых дзяржаўных органаў, службовых асоб і грамадзян. Вылучаюць дзве асноўныя формы праўлення — манархію і рэспубліку.

Манархія (ад грэч. μοναρχία — адзінаўладдзе) — гэта форма кіравання, пры якой улада засяроджана ў руках аднаасобнага кіраўніка дзяржавы. Улада манарха (караля, імператара, шаха, цара і да т. п.), як правіла, доўжыцца пажыццёва і перадаецца нашчадкам. Манархіі бываюць неабмежаваныя (абсалютныя) і абмежаваныя (канстытуцыйныя).

Першыя ў гісторыі манархіі былі неабмежаваныя: улада манарха нічым і нікім не была абмежаваная, яна была абсалютная. Манарх выступаў адзіным носьбітам суверэнітэту, валодаў шырокімі паўнамоцтвамі ў заканадаўчай, выканаўчай і судовай сферах.

У канстытуцыйных манархіях улада манарха абмежаваная, і гэтыя абмежаванні, як правіла, устаноўлены канстытуцыяй. Доўгі час манархіі былі асноўнай формай праўлення ў большасці дзяржаў, сёння манархія характэрна для кожнай пятай дзяржавы свету.

icon-discussions
Ці можна сёння лічыць манархію перажыткам мінулага? З апорай на прапанаваныя ілюстрацыі і гістарычныя веды абмяркуйце змены, якія адбыліся з манархіямі за апошнія сто гадоў.

Рэспубліка (ад лац. res — справа і publicus — грамадскі) — гэта форма праўлення, пры якой вышэйшыя органы дзяржаўнай улады абіраюцца насельніцтвам. Вылучаюць тры асноўныя разнавіднасці рэспублікі — прэзідэнцкую, парламенцкую і змешаную.

Прэзідэнцкая рэспубліка характарызуецца значнай роляй прэзідэнта ў сістэме дзяржаўных органаў. Прэзідэнт з’яўляецца адначасова і кіраўніком дзяржавы, і кіраўніком выканаўчай улады. Ён абіраецца незалежна ад парламента або прамым галасаваннем выбаршчыкаў, або калегіяй выбаршчыкаў. Прэзідэнт сам фарміруе ўрад, які адказны перад ім.

У парламенцкай рэспубліцы ўрад фарміруецца парламентам і адказны перад парламентам. Кіраўнік урада (прэм’ер-міністр, канцлер) адыгрывае галоўную ролю ў дзяржаве. Прэзідэнт ажыццяўляе пераважна прадстаўнічыя і цырыманіяльныя функцыі.

У змешанай рэспубліцы ўрад фарміруецца прэзідэнтам і парламентам і адказны перад імі.

Дзяржавы адрозніваюцца паміж сабой і па формах тэрытарыяльнага ўладкавання. Дзяржавы бываюць унітарныя, федэратыўныя, канфедэратыўныя.

Унітарная дзяржава — гэта адзіная дзяржава, якая складаецца з адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, што не валодаюць прыметамі дзяржаўнай самастойнасці ці якой-небудзь уласнай аўтаноміяй.

Федэрацыя — гэта саюзная дзяржава, што складаецца з суб’ектаў, якія валодаюць пэўнымі прыметамі дзяржаўнай самастойнасці. Для федэрацыі характэрна наяўнасць дзвюх сістэм дзяржаўнай улады — федэральнай і суб’ектаў федэрацыі (у розных дзяржавах яны называюцца па-рознаму: штаты, кантоны, рэспублікі, землі). Члены федэрацыі могуць мець уласныя канстытуцыі, законы.

Канфедэрацыя — гэта саюз юрыдычна і палітычна самастойных дзяржаўных утварэнняў, які ствараецца для дасягнення адзіных мэт і вырашэння агульных праблем.

icon-task
Параўнайце формы праўлення і тэрытарыяльнага ўладкавання Беларусі і суседніх дзяржаў (Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны). Якія фактары, на ваш погляд, аказваюць уплыў на форму дзяржавы? Абгрунтуйце свой адказ.

Палітычны рэжым — гэта спосаб функцыянавання і ўзаемасувязі асноўных элементаў палітычнай сістэмы грамадства. Характарыстыка палітычнага рэжыму ў асобна ўзятай краіне паказвае прынцыпы арганізацыі палітычнага жыцця грамадства. Метады і сродкі ажыццяўлення ўлады могуць быць дэмакратычныя ці недэмакратычныя. Крайняй формай недэмакратычнага рэжыму з’яўляецца таталітарны рэжым, які характарызуецца ўсёабдымным кантролем за грамадскім і прыватным жыццём, ліквідацыяй правоў і свабод грамадзян і рэпрэсіямі.

Аўтарытарны рэжым з’яўляецца пераходным палітычным рэжымам: ад таталітарызму да дэмакратыі ці ад дэмакратыі да таталітарызму. Пры аўтарытарным рэжыме палітычная ўлада сканцэнтравана ў руках асобнага чалавека ці групы людзей, аднак па-за сферай палітыкі захоўваецца адносная свабода. Галоўным арыенцірам для палітычнага развіцця ў сучасным свеце з’яўляецца дэмакратычны рэжым. Асноўныя характарыстыкі дэмакратыі разгледзім у наступным параграфе.