Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 5-1. Сацыяльныя працэсы і змяненне грамадства

Рэвалюцыя ці рэформа. Аляксіс дэ Таквіль пісаў, што «аб’ектыўныя мэты рэвалюцыі могуць быць дасягнуты рэфарматарскімі метадамі пры ўмове іх усведамлення вярхамі, іх гнуткасці і палітычнай волі». Абгрунтаванню гэтых ідэй, якія часам называюцца «законам рэвалюцыі», прысвечана адна з кніг французскага сацыёлага. Гэтыя ж словы прымяняюцца да ўсіх рэвалюцый — вялікіх і малых, слаўных і бясслаўных, «каляровых» і «чорна-белых», уключаючы і тую, што стварыла Савецкі Саюз, і тую, што завяршыла яго існаванне. Важна толькі адно: пад аб’ектыўнымі мэтамі павінна разумецца не заваяванне ўлады, а дабрабыт народа, захаванне цэласнасці грамадства, новыя перспектывы развіцця.

П. Сарокін, прааналізаваўшы 70 прыкладаў узнікнення рэвалюцыйнай сітуацыі, вылучыў сем асноўных фактараў фрустрацыі: голад, жыллёвую праблему, пагрозу бяспецы, сегрэгацыю па палавой прымеце, па канфесіі і іншых прыметах, ушчамленне свабоды, асабістай годнасці і правоў уласнасці. Разам з тым ён падкрэслівае: «Якімі цяжкімі ні былі б умовы жыцця ў дадзеным грамадстве, але калі структура яго адносін і каштоўнасцей не расхістана, ніякія хваляванні яму не пагражаюць. <...> Рэвалюцыі здзяйсняюць не галодныя людзі, а тыя, хто не паабедаў адзін раз». Усведамленне марнасці чаканняў перамен да лепшага з’яўляецца ўнутраным імпульсам, які фарміруе ў чалавека менавіта рэвалюцыйную ўстаноўку, а не пошук, напрыклад, лепшай работы, шляхоў міграцыі, магчымасцей павышэння кваліфікацыі і перавучвання і да т. п.

З сацыялагічнага пункту гледжання гэткімі ж непрымальнымі з’яўляюцца і лібералістычныя ператварэнні ў форме «шокавай тэрапіі» і «каляровых рэвалюцый». Калі апошнія і адбываюцца зараз, то таму, што парушаецца другая ўмова А. Таквіля: вярхі не ўсведамляюць рэфарматарскія метады, ім не хапае гнуткасці і палітычнай волі.

Усё ў грамадстве: і тое, што ўзнікла стыхійна (напрыклад, полаўзроставы падзел працы), і тое, што створана ў выніку свядомай, мэтанакіраванай дзейнасці людзей (сацыяльныя інстытуты, формы зносін, установы, нормы і г. д.), з часам старэе, перастае адпавядаць новым умовам і мае патрэбу ў паляпшэнні, удасканаленні, абнаўленні ў цэлым або ў асобных аспектах. Праблема ў тым, што «зношанасць» грамадскіх форм і структур заўважыць значна цяжэй, чым дэфармацыю рэчавых кампанентаў. Пры назапашванні і ірадзіраванні падобныя дэфекты прыводзяць да парушэння нармальнага ходу сацыяльных працэсаў, з’яўлення дэструктыўных з’яў у сферы адносін, інстытутаў і супольнасцей, таму маніторынг сацыяльных асноў грамадства такі важны.