Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 5-1. Сацыяльныя працэсы і змяненне грамадства

Натоўп. Да супольнасцей, заснаваных на падабенстве паводзінаў, належаць натоўп, публіка, аўдыторыя. Натоўп — гэта часовае скопішча людзей, якія пры непасрэдным фізічным кантакце спантанна рэагуюць на адзін і той жа раздражняльнік падобным чынам.

Сацыёлаг Г. Блумер у працы «Калектыўныя паводзіны» вылучае наступныя тыпы натоўпу: выпадковы, абумоўлены, агрэсіўны, экспрэсіўны.

Выпадковы натоўп (людзі, якія сабраліся на вуліцы з нагоды здарэння) вылучаецца кораткачасовасцю ўтварэння, наяўнасцю слабай сувязі і пэўнага адзінства, выкліканага часовым інтарэсам да аб’екта. Адметнай прыметай абумоўленага натоўпу з’яўляецца ўпарадкаваная, загадзя спланаваная дзейнасць (напрыклад, збор на стадыёне гледачоў футбольнага матчу). Агрэсіўны натоўп арганізуе паводзіны ў напрамку пэўнай мэты экстрэмальнага характару (напрыклад, лінчаванне, пагром, барацьба і інш.). І нарэшце, экспрэсіўны натоўп (у рэлігійных сектах, натоўп, які танцуе) звернуты толькі на сябе і не мае ніякай іншай мэты, акрамя знешняга выяўлення пачуццяў, таму паводзіны могуць прымаць формы захаплення, абурэння, смеху, плачу, крыку, скокаў і танцаў. Першыя тры тыпы натоўпу накіроўваюць дзеянні людзей на якую-небудзь сумесную мэту; адзіна магчымай мэтай экспрэсіўнага натоўпу можа быць зняцце напружання ў экспрэсіўным руху, які імкнецца да рытмічнасці.

Я. Шчапаньскі разглядае чатыры роды натоўпу: агрэсіўны, уцякаючы, прагнучы і экспрэсіўны (які дэманструе).

Агрэсіўныя натоўпы, у сваю чаргу, маюць тры віды: які лінчуе (натоўп, накіраваны супраць аднаго чалавека), які тэрарызуе (накіраваны супраць пэўнай катэгорыі асоб або групы), які змагаецца (абараняецца неарганізаваным чынам). Да ўцякаючых натоўпаў Я. Шчапаньскі адносіць натоўп, які ратуецца ад рэальнай або ўяўнай небяспекі (напрыклад, пры пажары), і панічныя ўцёкі арганізаванай групы. Прагнучы натоўп штурмуе крамы, банкі ў крызісныя перыяды. Экспрэсіўны натоўп аб’ядноўвае людзей, якія жадаюць выказаць свае погляды, захапленне або пратэст, адабрэнне ці абурэнне.

img

Публіка, як і натоўп, з’яўляецца стыхійным аб’яднаннем, але ёю лягчэй кіраваць. Гэта сукупнасць асоб, інтарэсы і ўстаноўкі якіх арыентаваны ў адным напрамку. Вылучаюць сабраную і несабраную публіку. Сабранай публікай з’яўляецца аўдыторыя — сукупнасць людзей, сабраных у адным месцы, якія маюць падобныя чаканні або цікавяцца адным прадметам. Аўдыторыя можа быць арганізавана выпадкова або наўмысна (напрыклад, аўдыторыя ў тэатры, цырку, на лекцыі, выставе). Наяўнасць ідэнтычных установак фарміруе гатоўнасць да рэагавання падобным чынам, што можа стаць перадумовай ператварэння аўдыторыі ў натоўп. На паводзіны індывідаў, якія прадстаўляюць аўдыторыю, пэўным чынам уплываюць нормы, агульнапрынятыя ў дадзеным тыпе сацыяльнай асацыяцыі. Напрыклад, узоры паводзінаў тэатральнай аўдыторыі адрозніваюцца ад мадэляў дзеянняў, характэрных для людзей, што сабраліся на футбольным матчы.

Несабраная публіка аб’ядноўвае вялікую колькасць людзей (напрыклад, чытачоў газеты ці гледачоў тэлевізійнага канала), падабенства іх паводзінаў абумоўлена наяўнасцю ідэнтычных стымулаў (ацэнак, стэрэатыпаў, светапоглядных, навуковых, палітычных і іншых установак) і рэфлектыўнасцю пазіцыі, а не «эмацыйным заражэннем». Для несабранай публікі, такім чынам, не характэрныя псіхалагічныя механізмы, якія праяўляюцца ў натоўпе і аўдыторыі.

icon-idea

Трагедыя на Нямізе адбылася 30 мая 1999 г., у канцы святочнага мерапрыемства ў Мінску, калі людзі, хаваючыся ад дажджу, запоўнілі падземны пераход да станцыі метро «Няміга». Загінулі 53 чалавекі, паранены больш за 250. Большасць загінуўшых былі маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў. 

icon-discussions

Назавіце прычыны, з-за якіх публіка на мерапрыемстве ператварылася ў натоўп. Вызначце від натоўпу. Ці магчыма было гэта прадухіліць? Даступна растлумачце кожны пункт інструкцыі аб паводзінах у натоўпе.

img