Печатать эту главуПечатать эту главу

Трылогія «На ростанях»

* Майстэрства Коласа-празаіка

Важную ролю ў аповесці адыгрывае і прырода, якая не толькі ўзрушвае сэрца, перадае душэўны стан персанажаў, але і стымулюе да разваг: «Ад балот патыхала нейкім невыразным смуткам, ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумення. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца.

Пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, Лабановіч часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету, як бы гэты свет сышоўся тут клінам, і туга па тым, з чым ён разлучыўся, пачынала забіраць яго душу».

Таксама Якуб Колас імкнуўся адлюстраваць так званы «палескі каларыт»: сюды можна аднесці і адпаведныя краявіды, і звычаі, і ўклад жыцця.

Навукоўцы гавораць. «Час пацвердзіў, што творы Коласа па-ранейшаму ўспрымаюцца як глыбока праўдзівы мастацкі летапіс жыцця народа, як эстэтычна дасканалыя рэчы, якія нясуць у сабе вялікі гуманістычны патэнцыял. <…> Разам з тым новая эпоха патрабуе ўнесці пэўныя карэктывы ў ранейшыя трактоўкі, па-новаму глянуць на характар функцыянавання твораў пісьменніка ў сучаснай культурнай, духоўна-інтэлектуальнай прасторы…» (Міхась Мушынскі).

Такім чынам, у аповесці «У палескай глушы» пісьменнік паказвае псіхалагічны стан персанажаў. Гэтаму спрыяюць і багатая мова, характэрная для твора Якуба Коласа, і мастацкая дэталізацыя. Аповесць распавядае не толькі пра акалічнасці жыцця на Палессі пачатку ХХ стагоддзя, адпаведны перыяд гісторыі Беларусі, асаблівасці настаўніцкай прафесіі, але і пра сталенне маладога чалавека, які паўстае перад выбарам — не заўсёды простым і часта праблематычным. Верагодна, і па гэтай прычыне жыццёвы і духоўны шлях Андрэя Лабановіча застаецца актуальным для розных пакаленняў чытачоў.

Літаратурныя сувязі. Якуб Колас пакінуў багатую эпісталярную спадчыну, якая расказвае шмат цікавага пра самога аўтара, адпаведны гістарычны перыяд, узаемаадносіны ў тагачасным літаратурным асяроддзі.

Пісьменнік перапісваўся з Янкам Купалам, Максімам Лужаніным, Петрусём Броўкам, Сяргеем Гарадзецкім, Міхасём Лыньковым і многімі іншымі. У некаторых пісьмах Якуба Коласа гаворыцца і пра яго творы, напрыклад: «Лабановіч — мой двайнік. Выдуманага ў яго паводзінах і характары нічога няма». Альбо: «...я стараўся абудзіць у сваіх вучнях крытычныя адносіны да рэчаіснасці» (З ліста Якуба Коласа да Ф. М. Логаша).