П’еса «Раскіданае гняздо»
* Жанравыя і кампазіцыйныя асаблівасці
Трагедыя — п’еса, заснаваная на непрымірымым канфлікце паміж моцнай высакароднай асобай і абставінамі, якія не даюць ёй магчымасці рэалізавацца. Гэты канфлікт мае глыбокі філасофскі змест, актуальны характар у палітычных, сацыяльных або духоўных адносінах. |
____________ Драма — п’еса з вострым канфліктам сацыяльнага або побытавага характару, які развіваецца ў пастаянным напружанні, адрозніваецца ад трагедыі тым, што ў драме героі маральна перамагаюць абставіны. |
П’еса «Раскіданае гняздо » была напісана ў 1913 годзе, але надрукавана толькі ў 1919-м. Адным з першых на твор адгукнуўся Змітрок Бядуля і паставіў пытанне пра жанравую прыналежнасць.
У крытычным артыкуле ён адзначаў: «Што тычыцца “Раскіданага гнязда” Янкі Купалы, дык мы тое самае скажам, што гэта скарэй усяго паэма, чымся драма. Лірыка і сімволіка гэтага, бясспрэчна, мастацкага твора вытрымана болей гарманічна, як ва ўсіх другіх творах нашага паэта.
Чытаючы “Раскіданае гняздо”, атрымліваеш такое ўражанне, як бы пад акампанемент чуластрунных гусляў сівы дзед-баечнік у стылі Баяна пяе дзіўную песню і чаруе грамаду людзей...»
Пазней даследчыкі называлі гэты твор сацыяльна-бытавой драмай, трагедыяй, паэмай-драмай. У кожнага з навукоўцаў было абгрунтаванне для жанравага вызначэння твора.
|
Калі ўважліва прааналізаваць «Раскіданае гняздо», можна заўважыць, што ў творы ўдала спалучаюцца два віды канфліктаў: канфлікт сацыяльнага характару, як у драме, і канфлікт паміж асобай і абставінамі, як у трагедыі. У цэнтры п’есы — драма адной сям’і, пазбаўленай зямлі. Знешні разлад праецыруецца на ўнутрысямейныя адносіны: кожны з Зяблікаў робіць свой выбар.
Адначасова мы заўважаем, што ў алегарычнай форме Янка Купала паказаў розныя шляхі аднаўлення роднага гнязда — Бацькаўшчыны, а ў фінале з’яўляецца Незнаёмы, які кліча на Вялікі сход. Фактычна канфлікт твора выходзіць за межы бытавога і набывае агульначалавечае гучанне. Менавіта гэты талент адначасовай перадачы дзеяння адразу ў двух планах — знешнім, відавочным і сімвалічным, філасофскім — адрознівае добрага драматурга ад геніяльнага мастака.
П’еса вызначаецца лірызмам. Пятро Васючэнка ў свой час прапаноўваў аналізаваць драматургічныя творы Янкі Купалы ў неадрыўнай узаемасувязі з яго лірыкай, успрымаючы іх як адзін тэкст. Такі падыход дае магчымасць адказаць на шматлікія пытанні пра сэнсавае напаўненне вобразаў і ідэйны ўзровень твора.
Змоўкне Купала, а ніхто не варушыцца і голасу не падае. Хто сядзіць, твар схаваўшы ў далоні, хто сумна ў няясную даль глядзіць, у каго рашучасцю гараць вочы» (Паўліна Мядзёлка. «Сцежкамі жыцця»). |
Такім чынам, «Раскіданае гняздо» — гэта лірычная драма, якая мае адзнакі трагедыі.
Жанравыя асаблівасці тлумачаць і спецыфіку кампазіцыі. Адным з першых, хто заўважыў гэта, быў вучоны і метадыст Іван Замоцін, які сцвярджаў, што ў «Раскіданым гняздзе» няма традыцыйнага драматычнага развіцця: «...у п’есе няма яскрава выражанай завязкі, кульмінацыйнага ўздыму дзеяння і яго развязкі », «няма выразнай драматургічнай кампазіцыі », але ёсць «шэраг сцэн, звязаных адной тэмай».
Класічныя элементы кампазіцыі знаходзім у межах разгляду сюжэтных ліній, звязаных з пэўнымі героямі, або ў межах асобных актаў і з’яў п’есы — у сувязі з дамінаваннем таго або іншага героя (напрыклад, Лявон — галоўная дзейная асоба ў першым акце, а Зоська — у другім і г. д.).
Тым не менш «Раскіданае гняздо» вызначаецца кампазіцыйнай зладжанасцю, якую падкрэсліваюць сюжэтныя паўторы, што ўзмацняюць уражанне чытачоў і гледачоў ад трагічных падзей у п’есе. Так, у VІ з’яве (акт першы) Зоська апісала свой сон — своеасаблівае прадбачанне таго, з чым сутыкнецца сям’я далей. Зяблікі прыходзяць «у нейкую харошую краіну», сустракаюць правадніка святога Пятра і святога Спаса, а потым трапляюць у рай за свае пакуты: «Годзе вам на зямлі пакутаваць, прыйшла ўжо пара са мной вам разам панаваць! Святы Пётра, — тут паказаў ён на гэнага, што нас вёў, — будзе над вамі апеку мець на векі вечныя...»
Пазней гэта сітуацыя паўтарылася ў новым варыянце: на рэштках хаты з’явіўся Незнаёмы і клікаў таксама ісці наперад, да лепшай долі. Падобнае відавочна і ў абставінах, калі Лявон імкнуўся знайсці справядлівасць у судзе, але не знайшоў, як пазней і яго старэйшы сын. Сымон зразумеў, што трэба шукаць новую Бацькаўшчыну. Спрабавала прайсці незайздросны лёс бацькі Зоська, але яе ўратавалі людзі. Паўтарылі пуцявіны і Старац з Незнаёмым, якія паклікалі за сабой Зяблікаў.
Адзначаная кампазіцыйная гарманічнасць абумоўлена таксама скразным вобразам-сімвалам дарогі як гістарычнага шляху беларусаў, на якім паўтараюцца пэўныя сюжэты, сустракаюцца падобныя героі, на новым узроўні вырашаюцца драматургічныя канфлікты.
Драма ідэй, якую перажываюць героі “Раскіданага гнязда”, набліжае іх да дзейных асоб п’ес пра сучаснасць Генрыка Ібсена1, а поліфанічны спосаб арганізацыі сістэмы персанажаў лучыць твор беларускага аўтара з драматургіяй Антона Чэхава. Жаданне і немагчымасць вярнуць Сусвету страчаны сэнс праз увасабленне свайго ідэалу будучыні прыводзіць герояў Янкі Купалы да глыбокага разладу з сабой і светам, да адчування татальнай адзіноты, страху быцця, таго настрою, якім поўняцца п’есы Станіслава Пшыбышэўскага2» (Марына Казлоўская). |
__________________________
1 Генрык Ібсен (1828—1906) — сусветна вядомы нарвежскі драматург, заснавальнік «новай драмы».
2 Станіслаў Пшыбышэўскі (1868—1927) — польскі пісьменнік.